Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі пасьля 2020 году закрылі больш за 140 экалягічных арганізацый

Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock
Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock

Пасьля палітычнага крызісу 2020 году экалягічны сэктар у Беларусі амаль цалкам страціў магчымасьць працаваць адкрыта. Пра гэта гаворыцца ў апублікаваным 17 чэрвеня аглядзе становішча экалягічных арганізацый і актывістаў, падрыхтаваным экалягічнай арганізацыяй «Экадом» разам зь «Зялёнай сеткай».

Паводле агляду, больш за 80 экалягічных арганізацый у Беларусі ўжо прымусова ліквідаваныя або знаходзяцца ў працэсе ліквідацыі. Яшчэ каля 60 арганізацый самі спынілі дзейнасьць — часта празь ціск і рызыку перасьледу.

Сярод ліквідаваных арганізацый — «Ахова птушак Бацькаўшчыны», «Экадом», «Багна», Цэнтар экалягічных рашэньняў, Менскае роварнае таварыства, «ВелаГродна» і іншыя. Таксама была ліквідаваная партыя «Зялёныя».

Улады ня ўлічвалі і тое, што многія арганізацыі сьвядома ўнікалі палітычных тэмаў і імкнуліся да супрацоўніцтва з чыноўнікамі.

Тым часам за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі цяпер пагражае да двух гадоў калёніі.

Ня менш за 19 экалягічных актывістаў прызналі палітвязьнямі. Пяцёра зь іх на момант падрыхтоўкі агляду заставаліся ў няволі:

  • Сьцяпан Латыпаў (8,5 году),
  • Яўген Рубашка (5 гадоў + 1 год),
  • Арцём Салавей (5 гадоў + 1 год),
  • Станіслаў Таспаеў (4 гады),
  • неназваны дзеля бясьпекі палітвязень.

Грамадзкі і палітычны актывіст Вітольд Ашурак загінуў у калёніі ў траўні 2021 году.

Яшчэ адзін інструмэнт ціску — прызнаньне «экстрэмісцкімі» арганізацый, сайтаў, старонак у сацсетках і акаўнтаў у мэсэнджэрах. Гэта зрабіла небясьпечным для людзей у Беларусі кантакты з экалягічнымі ініцыятывамі. Іх могуць пакараць нават за рэпост, камэнтар, захаваныя матэрыялы ці лайк, ня кажучы пра перадачу інфармацыі ці інтэрвію.

Таму арганізацыі, якія працягваюць дзейнасьць за мяжой, у асноўным сочаць за экалягічнымі праблемамі ў Беларусі, гавораць пра іх на міжнародным узроўні і распаўсюджваюць гэтую інфармацыю.

Чаму гэта важна

Звужэньне грамадзкага кантролю над экалягічнай палітыкай непазьбежна адбіваецца на якасьці рашэньняў, своечасовым выяўленьні экалягічных праблемаў — і ў выніку на бясьпецы людзей, адзначаюць аўтары дакладу.

Беларусь выйшла з Орхускай канвэнцыі — міжнароднага пагадненьня, якое гарантуе доступ да экалягічнай інфармацыі, удзел грамадзкасьці ў прыняцьці рашэньняў і абарону экалягічных актывістаў. А таксама з Бэрнскай канвэнцыі — аб ахове дзікай прыроды і прыродных асяродкаў пражываньня.


Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG