Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі хацелі забараніць курыць на гаўбцах, але ў законапраект унесьлі іншыя месцы

Цыгарэты
Цыгарэты

З ініцыятывы Міністэрства аховы здароўя пашыраць сьпіс забароненых для курэньня зонаў.

У сьпіс дададуць ганкі інтэрнатаў і шматкватэрных жылых дамоў. Пра гэта паведаміла загадчыца аддзяленьня грамадзкага здароўя Рэспубліканскага цэнтру гігіены, эпідэміялёгіі і грамадзкага здароўя Вольга Бартман, піша БелТА.

Такім чынам, у Беларусі рыхтуецца законапраект, які пашырыць пералік зонаў, свабодных ад курэньня.

Акрамя ганкаў улады разглядалі магчымасьць увядзеньня забароны курэньня ў вокнах, на гаўбцах і прылеглай да жылых шматкватэрных дамоў тэрыторыі. Аднак ад гэтай задумкі ў выніку адмовіліся, бо практычна ўвасобіць такую забарону было б немагчыма.

«З прычыны таго, што ўвядзеньне такой забароны спалучанае са складанасьцямі юрыдычнага характару, а таксама немагчымасьцю практычнай рэалізацыі, названая ініцыятыва не была падтрыманая шэрагам органаў дзяржаўнага кіраваньня», — растлумачыла Вольга Бартман.

Цяпер пералік месцаў, дзе курэньне забароненае, вызначаны дэкрэтам Лукашэнкі ад 17 сьнежня 2002 году № 28. Як адзначыла Вольга Бартман, многія палажэньні гэтага дакумэнту ўключаныя ў праект закону, які распрацоўваецца. Яна нагадала, што за курэньне і спажываньне тытунёвых і нікатынавых прадуктаў у месцах, дзе яны ў адпаведнасьці да ўжываньня забароненыя, прыводзяць да накладаньня штрафу ў памеры да чатырох базавых велічыняў». На гэты момант сума штрафу за курэньне ў нявызначаным для гэтага месцы складае 180 рублёў.

Як было раней?

Раней у Беларусі штраф за курэньне ў забароненых месцах складаў да 148 рублёў, за курэньне ў дапаможных памяшканьнях шматкватэрных дамоў — да 1110 рублёў. Але штрафы рэгулярна растуць, дзяржаўныя органы ў Беларусі штогод складаюць або атрымліваюць так званы «плян на штрафы», у які закладзеная прыкладная сума, якую зьбіраюцца спагнаць з грамадзян за каляндарны год.

Што цікава: забарона на курэньне на гаўбцы раней ужо разглядалася ў суседняй Расеі. Пажарнікі былі занепакоеныя ростам пажараў у жылых дамах, і якраз курэньне на гаўбцах называлі адной з асноўных прычынаў узьнікненьня пажараў. У адрозьненьні ад Беларусі ў расейцаў прапанова прайшла галасаваньне і была ўключаная ў закон. Такім чынам, з 2019 году у Расеі курыць на гаўбцах і лёджыях забаронена. Праўда, пра эфэктыўнасьць гэтай нормы закона амаль нічога не вядома.

Апошнія істотныя зьмены ў галіне забароны на курэньне ў Беларусі зносілі 27 ліпеня 2019 году. Тады забаранілі курэньне ў ліфтах і пад’ездах, на працоўным месцы, ва ўстановах адукацыі, у траспарце, падземных пераходах, на дзіцячых пляцоўках і ў аўтамабілі зь дзіцём. Некаторыя пункты тады толькі ўпершыню ўключылі ў закон, іншыя — удакладнілі.

У той жа час электронныя цыгарэты ў Беларусі прыраўнялі да звычайных.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG