Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі ідэнтыфікавалі больш за 200 тысяч расейскіх вайскоўцаў, загінулых на вайне ва Ўкраіне

Пахаваньні расейсксіх вайкоўцаў. Ілюстрацыйнае фота
Пахаваньні расейсксіх вайкоўцаў. Ілюстрацыйнае фота

З пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны загінулі 226 055 расейскіх вайскоўцаў, у тым ліку сама меней 200 — 18-гадовыя юнакі.

Асобы загінулых на аснове адкрытых зьвестак ідэнтыфікавалі журналісты Расейскай службы BBC, выданьня «Медиазона» і каманда валянтэраў.

1 траўня 2026 году ва Ўкраіне загінуў 18-гадовы Алішэр Сьвірын — першы загінулы 2008 году нараджэньня. За некалькі дзён да расейскага ваеннага ўварваньня яму споўнілася 14 гадоў. Журналістам невядома, калі ён адправіўся на фронт, але, найбольш імаверна, што там ён прабыў ня больш за тры месяцы. Яго пахавалі 28 траўня.

Найбольш сярод загінулых — добраахвотнікі (амаль 83 тысячы), далей ідуць нявызначаныя ўдзельнікі баявых дзеяньняў (49 тысячы чалавек), кантрактнікі — 46 тысяч, зьняволеныя — 25,5 тысяч і мабілізаваныя — 19 тысяч.

Вялікую колькасьць загінулых добраахвотнікаў зьвязваюць з тым, што яны праходзяць мінімальную падрыхтоўку, якая адбываецца ў сярэднім па два тыдні, а некаторыя зь іх трапляюць на фронт празь некалькі дзён пасьля падпісаньня кантрактаў.

Дырэктарка брытанскага Цэнтра ўрадавай сувязі Эн Кіст-Батлэр раней падчас сваёй першай публічнай лекцыі заявіла, што страты Расеі ў вайне з Украінай набліжаюцца да 500 тысяч чалавек.

Паводле Расейскай службы BBC, калі аналіз на падставе адкрытых крыніц ахоплівае прыблізна 45–65% ад агульнага ліку загінулы, то максымальная колькасьць загінулых можа дасягаць 497 тысяч чалавек.

Чаму гэта важна

Расея афіцыйна свае страты не раскрывае. Масква апошні раз называла колькасьць забітых у верасьні 2022 году — тады заяўлялі пра 5937 загінулых.

Кіеў таксама доўгі час не агучваў стратаў, заяўляючы, што зьвесткі будуць раскрытыя пасьля вайны. Цяпер прыблізна раз на год гэтую інфармацыю агучвае прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі. Напачатку лютага 2026 году ў інтэрвію France 2 ён заявіў, што ад лютага 2022 году ў вайне Ўкраіна страціла загінулымі 55 тысяч украінскіх салдатаў. Прэзыдэнт дадаў, што таксама ёсьць «вялікая колькасьць людзей, якіх Украіна лічыць зьніклымі бязь вестак».

Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі 13 студзеня гэтага году заявіў, што ў 2025 годзе ўдалося паменшыць колькасьць стратаў асабовага складу на 13%. Дэталёвых зьвестак па ўкраінскіх стратах ён не прывёў.

Згодна з інфармацыяй Украіны, на баку Расеі ваявалі амаль 2900 беларусаў. Паводле некаторых зьвестак, расейцы працягваюць вэрбаваць грамадзян Беларусі на вайну ня толькі з тэрыторыі Беларусі, а і ў месцах пазбаўленьня волі на тэрыторыі Расеі.

Дакладная колькасьць загінулых беларусаў невядома. Ва Ўкраіне, паводле розных ацэнак, загінулі больш за 100 тых, хто ваяваў на баку Расеі.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG