У Менскім гарадзкім судзе 25 траўня ў межах спэцыяльнага вядзеньня разглядзелі крымінальную справу супраць палітоляга Дзьмітрыя Балкунца.
43-гадовага Балкунца прызналі вінаватым паводле васьмі крымінальных артыкулаў, у тым ліку ў «дыскрэдытацыі Беларусі» і «закліку да санкцый», даведалася Вясна.
Суд прызначыў Балкунцу 12 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, а таксама штраф памерам 5000 базавых велічыняў (225 000 рублёў).
Раней пракуратура паведамляла, што Балкунец «стварыў і разьмясьціў ня менш як 28 інфармацыйных публікацый заахвочвальнага кшталту, у якіх нібыта „заклікаў да захопу дзяржаўнай улады і гвалтоўнай зьмены канстытуцыйнага ладу, прычыненьню шкоды нацыянальнай бясьпецы Беларусі, прымяненьню мераў абмежавальнага характару (санкцый)“.
Рэакцыя Балкунца на суд
Сам Балкунец жыве на тэрыторыі Эўразьвязу, куды зьехаў у 2021 годзе пасьля пражываньня ў Маскве. Паводле сайту balkunets.org, Дзьмітры Балкунец цяпер знаходзіцца ў роварным туры па краінах Эўропы, цягам якога наведаў ужо 16 краін.
Пачуўшы пра суд над сабою, Балкунец яшчэ на стадыі завочных слуханьняў справы выказаўся ў сваім ТГ-канале:
„У ролі абвінавачанага — ня я. Сёньня будуць судзіць эпоху Лукашэнкі. Эпоху страху. Эпоху палітычных спраў. Эпоху завочных прысудаў, помсты і абсурду. Судзьдзя зачытае прысуд не аднаму чалавеку. Ён зачытае прысуд усёй сыстэме“, — заявіў Дзьмітры Балкунец.
За што судзілі
Супраць 43-гадовага Дзьмітрыя Балкунца ў Беларусі раней распачалі спэцтвытворчасьць і абвінавацілі паводле васьмі артыкулаў Крымінальнага кодэксу:
- Змова або іншыя дзеяньні, зьдзейсьненыя з мэтай захопу ўлады — (ч. 1 арт. 357 КК)
- Заклік да санкцый супраць Рэспублікі Беларусь — (ч. 3 арт. 361 КК)
- Стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім — (ч. 1 арт. 361-1 КК)
- Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці — (ч.ч. 1, 2 арт. 361-4 КК)
- Паклёп на Лукашэнку — (ч.ч. 1, 2 арт. 367 КК)
- Абраза Лукашэнкі — (ч.ч. 1, 2 арт. 368 КК)
- Абраза прадстаўніка ўлады — (арт. 369 КК)
- Дыскрэдытацыя Беларусі — (арт. 369-1 КК)
Форум