Праваабарончы цэнтар «Вясна» прадставіў новы дакумэнтальны спэцпраект «Этапы: нябачная дарога палітвязьняў Беларусі», прысьвечаны адной з самых закрытых частак беларускай пэнітэнцыярнай сыстэмы — этапаваньню. У праекце сабралі гісторыі людзей, якія прайшлі праз перавозкі паміж СІЗА, турмамі, калёніямі, судамі і прымусовым выдварэньнем з краіны.
Аўтары праекту сабралі 15 сьведчаньняў былых палітвязьняў. Кожная гісторыя суправаджаецца іх асабістымі ўспамінамі пра тое, што адбываецца паміж пунктам «адсюль» і пунктам «туды» — у прасторы, пра якую звычайна вядома найменш.
Аўтарка праекту, праваабаронца Дзіяна Пінчук, адзначае, што этап — гэта ня проста транспартаваньне зьняволенага, а асобны траўматычны досьвед:
«Часам гэта найбольш жорсткая і прыніжальная частка зьняволеньня».
Паводле яе, падчас этапаў людзі часта аказваюцца ў поўнай невядомасьці: ня ведаюць, куды іх вязуць, колькі гэта будзе працягвацца і ў якіх умовах давядзецца знаходзіцца: тут «чалавек губляе кантроль над уласным целам, часам, маршрутам і нават дыханнем».
Праект закранае некалькі тэмаў:
- перавозкі паміж СІЗА, калёніямі і турмамі;
- умовы ў этапных вагонах і аўтазаках;
- пачуцьцё ізаляцыі і страты кантролю;
- прыніжэньні і псыхалягічны ціск;
- прымусовае выдварэньне зь Беларусі.
Сярод гісторыяў — аповеды пра шматдзённыя паездкі без нармальнага сну і ежы, перапоўненыя камэры для этапаваных і поўную інфармацыйную ізаляцыю, калі чалавек можа некалькі дзён не разумець, дзе знаходзіцца. Пра выпадкі сьмерці пасьля этапаў. У «Вясьне» кажуць, што пра этапы часта гавораць менш, чым пра суды або ўмовы ў калёніях, хоць для многіх былых палітвязьняў менавіта гэты этап шляху стаў адным з самых цяжкіх успамінаў.
«Сьведчаньні былых палітвязьняў паказваюць, што этап у Беларусі часта ўспрымаецца не як тэхнічная працэдура перавозкі паміж установамі, а як працяг пакараньня і дадатковы інструмэнт ціску на чалавека. Сыстэма этапаваньня патрабуе адкрытасьці, грамадзкага кантролю і сур’ёзнай рэформы. Бо гаворка ідзе ня толькі пра ўмовы транспартаваньня зьняволеных, але і пра базавыя пытаньні чалавечай годнасьці, бясьпекі і недапушчальнасьці прыніжальнага абыходжаньня», – падсумоўвае Дзіяна Пінчук.
Форум