Прэм’ер-міністар Беларусі Аляксандар Турчын падпісаў пастанову «Аб дзяржаўным тэхнічным аглядзе і асноўных паказьніках у галіне дарожнага руху», паведаміла Pravo.by.
«Выключэньне неабходнасьці праходжаньня дзяржаўнага тэхнічнага агляду пры зьмене ўласьніка транспартнага сродку ў пэрыяд дзеяньня дазволу на допуск», — раскрылі ў Савеце міністраў адну з асноўных навацый.
Акрамя таго, транспартная інспэкцыя Мінтрансу атрымае паўнамоцтвы на выдачу дазволаў дыягнастычным станцыям. Паводле дзейных нормаў гэта робіць «Транстэхніка».
Таксама інспэкцыя будзе атрымліваць зьвесткі зь дзяржаўных інфармацыйных рэсурсаў. Раней ад кіроўцаў патрабавалі мець адпаведныя дакумэнты пры сабе.
Урад таксама вырашыў зняць абмежаванні на пералік юрыдычных асобаў, якія могуць праводзіць выпрабаваньні спэцыялістычных транспартных сродкаў (рэфрыжэратараў, ізатэрмічных фургонаў і падобнага).
У 2024 годзе ўлады падключылі відэакамэры для фіксацыі тых аўтааматараў, якія езьдзяць бяз пройдзенага тэхнічнага агляду машыны. Пры фіксацыі камэрай штраф за няпройдзены тэхагляд для фізычнай асобы тады складаў 20 рублёў, за паўторнае парушэньне на працягу году — 80 рублёў. Для ІП і юрыдычнай асобы за такое ж парушэньне прадугледжваўся штраф у 200 рублёў.
Форум