Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Два пажары лякалізавалі ў Горадзенскім раёне, яны закранулі і Літву, дзе застаецца куродым

Лясны пажар у Беларусі, архіўнае фота
Лясны пажар у Беларусі, архіўнае фота

Для тушэньня выкарыстоўвалі авіяцыю. Хуткаму пашырэньню агню спрыяла сухое і ветранае надвор’е. У васьмі раёнах Беларусі ўжо забаранілі наведваць лясы, у астатніх увялі абмежаваньні.

Два буйныя пажары адбыліся на выходных у Горадзенскім раёне на мяжы зь Літвой.

Спачатку вечарам 2 траўня жыхары дачнага пасёлку паведамілі пра загараньне лесу. Пажар тушылі 91 чалавек і 21 адзінка тэхнікі. Выгарала каля 10 гектараў лесу.

Трэцяга траўня ў тым жа Горадзенскім раёне лес загарэўся на тэрыторыі Парэцкага сельсавету. Гарэла каля 30 гектараў. Ратаўнікі забіралі ваду з возера Малочнага верталётам.

Дзьмітры Лакіза, начальнік Горадзенскага абласнога ўпраўленьня МНС Беларусі, увечары 3 траўня паведаміў, што пажар у лясным масіве паблізу вёскі Вузьбераж лякалізавалі. Пагрозы населеным пунктам няма, сказаў ён:

«Хуткаму распаўсюджваньню агню спрыяла сухое і ветранае надвор’е. На гэты момант авіяцыя МНС зьдзейсьніла 15 скідаў (45 тон вады). На месцы пажару працягваюць працаваць 21 адзінка тэхнікі, 91 чалавек, зь іх 5 адзінак тэхнікі МНС і 22 ратаўнікі».

Тым часам літоўскія службы папярэдзілі пра куродым зь Беларусі.

«Празь лясныя пажары у Беларусі на тэрыторыі Літвы, асабліва ў паўднёвай яе частцы, можа павысіцца ўзровень забруджваньня паветра цьвёрдымі часьцінкамі і адчувацца моцны пах гару», — паведаміў у нядзелю Нацыянальны цэнтар грамадзкага здароўя Літвы.

Раней агонь першага пажару перакінуўся на тэрыторыю Літвы, пажар тушылі супрацоўнікі дзяржаўнага лясьніцтва і супрацьпажарна-ратавальнай службы. Загараньне на літоўскім баку зьліквідавали, але на месцы заставаліся дзяжурыць пажарнікі.

Між тым на тэрыторыі Беларусі пажар працягваўся. Шэсьць літоўскіх вёсак былі ахутаныя дымам. Дым рухаўся і ў бок Друскенікаў.

У самой Літве заяўляюць пра высокую небясьпеку лясных пажараў з прычыны цёплага і сухога надвор’я ў бліжэйшыя два тыдні.

Літва зь Беларусьсю цяпер не абменьваюцца інфармацыяй пра падобныя здарэньні, перадае LRT.

Усяго за суботу 2 траўня ў Беларусі патушылі 15 лясных пажараў агульнай плошчай амаль 12 гектараў, а таксама 59 пажараў травы і хмызьняку агульнай плошчай амаль 9 гектараў. Лясныя пажары здарыліся ўва ўсіх вобласьцях, апроч Магілёўскай. Ува ўсіх вобласьцях забаронена наведваць лясы.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG