Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Лёндане правядуць сымпозіюм памяці Веры Рыч

Вера Рыч
Вера Рыч

Доступ да сустрэчы пра славутую перакладчыцу беларускай літаратуры будзе і ў рэжыме онлайн.

Вера Рыч — ангельская паэтка, публіцыстка, перакладчыца беларускай і ўкраінскай літаратуры на ангельскую мову. Бібліятэка і Архіў імя Шаўчэнкі і Бібліятэка і Музэй імя Францішка Скарыны абвясьцілі пра сымпозіюм у гонар 90-годзьдзя з дня яе нараджэньня. Рыч нарадзілася ў паўночным Лёндане 24 красавіка 1936 году.

Сымпозіюм адбудзецца 29 красавіка з 10:00 да 17:00 (GMT+1). Уваход дармовы па рэгістрацыі.

Падзея заплянаваная ў будынку бібліятэкі і архіву імя Тараса Шаўчэнкі ў Вялікай Брытаніі (Shevchenko Library & Archive, Association of Ukrainians in Great Britain).

Таксама будзе магчымасьць далучыцца да сымпозіюму онлайн, спасылка зьявіцца пазьней.

Першы пераклад Веры Рыч на ангельскую зь беларускай мовы быў надрукаваны ў мюнхэнскай газэце «Бацькаўшчына» яшчэ ў 1957 годзе.

Дзякуючы перакладчыцы па-ангельску загучала беларуская паэзія Янкі Купалы, Якуба Коласа, Натальлі Арсеньневай, Максіма Багдановіча, Алеся Гаруна, Зьмітрака Бядулі, Цёткі, Ларысы Геніюш, Ніла Гілевіча, Уладзімера Някляева.

Вера Рыч стварыла першую і, падобна, найлепшую анталёгію беларускай паэзіі ў ангельскім перакладзе «Like Water, Like Fire». Але выдадзеная на сродкі ЮНЭСКА ў 1971 годзе кніга далёк не адразу трапіла ў Беларусь — яна была забароненая камуністычнымі ўладамі, бо на вокладцы быў гістарычны герб Беларусі — «Пагоня», якая тады была ў СССР пад забаронай.

У 1970–1990 гады Вера Рыч шчыльна супрацоўнічала з дэмакратычнымі рухамі і рухамі ў абарону правоў чалавека ў Савецкім Саюзе. Працавала ў Польшчы («Салідарнасьць») і Вугоршчыне.

У 1977 годзе выйшаў пераклад паэмы «Тарас на Парнасе», яго Рыч пераклала разам з іншым выбітным ангельскім дасьледнікам беларускай літаратуры Арнольдам Макмілінам.

Вера Рыч брала ўдзел у стварэньні кнігі «Верш на свабоду» з «Бібліятэкі Свабоды». Яна стварыла яе ангельскі пераклад.

У 2009 годзе перакладчыца пайшла з жыцьця.


Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG