Нацыянальнае кіраўніцтва архіваў і дакумэнтацыі ЗША выклала ў сеціва поўны масіў дакумэнтаў Смаленскага абласнога і гарадзкога камітэтаў партыі за 1917–1941 гады, заўважыла «Наша ніва». Гэты захоплены ў час ІІ усясьветнай вайны збор хавае ў сабе ўнікальныя зьвесткі пра палітыку СССР на Смаленшчыне, у пэрыяд, калі там была абвешчана ССРБ, праводзілася беларусізацыя і ставілася пытаньне аб перадачы рэгіёну Беларусі.
Гісторыя архіву даволі вядомая, бо ў час акупацыі яго вывезьлі немцы, а пасьля вайны дакумэнты апынуліся за акіянам, прыкладна гэтак жа, як і нямецкія аэрафотаздымкі тэрыторыі СССР, якія пасьля служылі амэрыканскай выведцы. Шэраг здымкаў быў апублікаваны апошнім часам і дазволіў беларускім гісторыкам, мастацтвазнаўцам і іншым дасьледнікам высьветліць многія няпэўныя моманты мінуўшчыны.
Цяпер амэрыканскія адмыслоўцы зрабілі Смаленскі архіў даступным для ўсяго сьвету.
Для айчыннай гістарыяграфіі гэты архіў можа несьці вялікую каштоўнасьць, бо ў ім павінны быць адлюстраваныя падзеі, якія непасрэдна ўплывалі на фармаваньне межаў беларускай дзяржавы. 1 студзеня 1919 году менавіта ў Смаленску была абвешчана Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка Беларусь, а ўжо празь некалькі тыдняў Масква забрала Смаленшчыну назад у склад РСФСР. Цалкам імаверна, што дзякуючы архівам гісторыкі створаць больш поўную храналёгію падзей, высьветляць імёны дзейных асобаў, шэраг падрабязнасьцяў старых спраў.
Яшчэ адным пэрспэктыўным кірункам можа быць вывучэньне дэталяў працэсу першага ўзбуйненьня БССР у 1924 годзе. Тады Менск, абапіраючыся на зьвесткі навукоўцаў і перапіс 1897 году, прэтэндаваў на шырокія этнічна беларускія тэрыторыі, а смаленскае чынавенства было супраць. У выніку бюракратычнай вайны Беларусь атрымала толькі Горацкі і частку Амсьціслаўскага паветаў.
Магчыма, у архівах ёсьць доказы таго, як чыноўнікі на Смаленшчыне сабатавалі працэсы беларусізацыі.
Каб звузіць поле пошуку, можна абапірацца на існуючы англамоўны архіўны даведнік, які ўжо часткова каталягізаваў гэты масіў. Напрыклад, матэрыялы пра нацыянальную палітыку засяроджаныя на 52‑й стужцы мікрафільмаў (Roll 52). Там разьмешчаны блёк партыйнай дакумэнтацыі, які ахоплівае справы з нумару WKP 476 да WKP 495.
Адна са спраў (WKP 475) прысьвечана камуністычнай літаратуры, якая галоўным чынам была выдадзена Беларускай акадэміяй навук у Менску і прысьвечаная сацыял-дэмакратычнаму руху да рэвалюцыі і ўзьнікненьню ды разьвіцьцю Кампартыі ў Беларусі пасьля 1917 году.
Справа (WKP 442) зьмяшчае дакумэнты пра калгасы ў Беларусі: разьвіцьцё калектывізацыі, погляды кіраўніцтва на калгаснае і саўгаснае будаўніцтва, рост калектыўнай гаспадаркі пасьля Кастрычніцкай рэвалюцыі, габрэйскіх калгасьнікаў у сельскай Беларусі, а таксама вытрымкі з газэты «Правда» пра працу гаспадарак у краіне.
Пры гэтым пошуку па зьмесьце спраў няма, бо тэкст дакумэнтаў ня быў распазнаны. Дакумэнты ня маюць асобных тэматычных папак. Амэрыканскія адмыслоўцы ўзялі бабіны зь мікрафільмамі, створанымі яшчэ ў 1950‑х гадах, і адсканавалі іх цалкам у доўгія PDF-файлы або шэраг здымкаў. У некаторых выпадках нумарацыя з стужак на сайце не супадае з той, што пазначана ўнутры саміх стужак.
Форум