Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пераклад на літоўскую мову аповесьці Евы Вежнавец «Па што ідзеш, воўча?» атрымаў прэстыжную прэмію

Кніга «Па што ідзеш, воўча?» на літоўскай мове
Кніга «Па што ідзеш, воўча?» на літоўскай мове

Саюз літоўскіх літаратурных перакладчыкаў уганараваў прэміяй імя Дамінікаса Урбаса за 2026 год перакладчыцу Юргіце Яспаніце-Буракене за пераклад аповесьці беларускай пісьменьніцы Евы Вежнавец «Па што ідзеш, воўча?» зь беларускай на літоўскую мову (выдавецтва «Other Books», 2026).

Як паведаміў Саюз літоўскіх літаратурных перакладчыкаў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку, журы адзначыла, што прэмія прысуджаецца за надзвычай багаты і шчыльны тэкст, дасканала і плаўна перакладзены з беларускай мовы, за майстэрскі перададзеныя культурныя і гістарычныя рэаліі, прыказкі, народную мудрасьць, уважліва падабраныя ідыёмы, фальклёрныя інтанацыі і лексыку, што адлюстроўвае апісаны пэрыяд. Асобна падкрэсьлена здольнасьць перакладчыцы захаваць унікальны голас пісьменьніцы Евы Вежнавец, а таксама падрыхтаваныя ёю камэнтары, якія дапамагаюць чытачу лепш зразумець звычаі, міталягічныя вобразы і рэаліі эпохі.

Юргіта Яспаніце, перакладчыца на літоўскую "Па што ідзеш, воўча?" Евы Вежнавец
Юргіта Яспаніце, перакладчыца на літоўскую "Па што ідзеш, воўча?" Евы Вежнавец

Юргіце Яспаніце-Буракене — паэтка, аўтарка трох паэтычных кнігаў, перакладчыца з расейскай, украінскай і беларускай моваў. Да гэтага часу яна перакладала пераважна паэзію з украінскай і беларускай моваў. Таксама яна працуе з міталягічнымі тэкстамі народаў Далёкага Усходу і Сібіры, а таксама з працамі аўтараў і этнолягаў, прысьвечанымі гэтым рэгіёнам.

Урачыстае ўручэньне прэміі адбудзецца 28 красавіка ў Вільні. Аповесьць Евы Вежнавец «Па што ідзеш, воўча?», якую беларускае выдавецтва «Пфляўмбаўм» выдала ў 2020 годзе, пераклалі ўжо на 11 эўрапейскіх моваў.


Прэмія імя Дамінікаса Урбаса — адна з найважнейшых літоўскіх узнагарод у галіне мастацкага перакладу, якую прысуджае Саюз літоўскіх літаратурных перакладчыкаў. Яна названа ў гонар Дамінікаса Ўрбаса (1908–1996) — вядомага літоўскага перакладчыка, рэдактара і мовазнаўцы.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG