Чаму нават пасьля арышту Нікаляса Мадура сотні вэнэсуэльскіх палітвязьняў усё яшчэ застаюцца за кратамі? І якія элемэнты вэнэсуэльскага досьведу важна ўлічыць беларусам? Абмеркавалі экспэрты падчас публічнай дыскусіі «Разрыў кругазвароту дыктатараў у Менску і Каракасе», арганізаванай Офісам дэмакратычных сіл Беларусі ў Чэхіі.
Кропкавыя вызваленьні палітвязьняў у абмен на частковае зьняцьцё санкцый і іншыя саступкі з боку ЗША — сытуацыя, добра знаёмая вэнэсуэльцам. У кастрычніку 2023 году ЗША аслабілі частку санкцый супраць Вэнэсуэлы. Неўзабаве былі вызваленыя пяць палітвязьняў, затрыманьне якіх выклікала шырокі рэзананс у краіне. Пасьля гэтага ЗША патрабавалі новых вызваленьняў, у тым ліку амэрыканцаў, якіх утрымлівалі ў Вэнэсуэле. Паколькі прагрэсу ў гэтым пытаньні не было, Вашынгтон скасаваў у красавіку 2024 году частку нафтавых паслабленьняў.
«Рэжым выкарыстоўвае палітвязьняў як сродак гандлю», — лічыць палітычны журналіст з Вэнэсуэлы Фэліпэ Торэс Джанвіторыа.
3 студзеня 2026 году Мадура быў захоплены ў выніку спэцапэрацыі ЗША. 30 студзеня Дэлсі Радрыгес, якая выконвае абавязкі прэзыдэнта Вэнэсуэлы, абвясьціла пра праект закона аб амністыі. ЗША хутка пашырылі эканамічныя паслабленьні, у тым ліку былі зьнятыя і пэрсанальныя санкцыі з самой Радрыгес. Па стане на 13 сакавіка 2026 году вэнэсуэльская праваабарончая арганізацыя Foro Penal паведамляла пра 690 вызваленых пасьля арышту Мадура палітвязьняў. Але 485 палітвязьняў усё яшчэ застаюцца за кратамі ў Вэнэсуэле. Праваабаронцы падкрэсьліваюць, што вызваленьні ня сталі ўсеагульнымі і безумоўнымі.
«Так, часовы ўрад, які цяпер дзейнічае ў Вэнэсуэле пад кіраўніцтвам Дэлсі Радрыгес, вызваляе некаторых палітвязьняў — у асноўным вядомых, — кажа вэнэсуэльскі эканаміст Луіс Салана. — Але робіцца гэта хутчэй для таго, каб стварыць уражаньне зьменаў у краіне. Калі б у іх і сапраўды былі добрыя памкненьні, яны вызвалілі б усіх палітвязьняў адразу».
Закон аб амністыі крытыкуюць за тое, што ён не прадугледжвае вяртаньня палітвязьням актываў, не здымае палітычныя забароны на займаньне пасадаў і выключае частку асуджаных у справах «аб ваенным мяцяжы» 2019 года. Сваякі палітвязьняў таксама скардзяцца на адсутнасьць празрыстых сьпісаў і выбарачны характар вызваленьняў.
«Навошта тады гэты закон, калі ён не дае паўнавартаснай амністыі тым, каго гэта непасрэдна датычыцца? Ён патрэбны толькі для таго, каб міжнародная супольнасьць магла сказаць, маўляў, Вэнэсуэла зьмяняецца, — кажа Луіс Салана. — Але нічога ня зьменіцца, пакуль мы сапраўды не даб’емся таго, каб вызвалілі ўсіх адначасова, без аніякай дыскрымінацыі. Толькі тады можна будзе казаць аб рэальных зьменах».
Фэліпэ Торэс Джанвіторыа зьвяртае ўвагу на тое, што ў Вэнэсуэле не спыняюцца і новыя палітычна матываваныя затрыманьні.
«Напрыклад, у Каракасе, адкуль я родам, распаўсюджаная такая практыка: вас могуць спыніць у машыне, праверыць тэлефон, паведамленьні ў WhatsApp, і калі там знойдуць нешта, што можна трактаваць як ухваленьне дзеяньняў ЗША ў адносінах да Вэнэсуэлы, вас могуць затрымаць, — тлумачыць журналіст. — Санкцыі — адзін з фактараў, якія ўлады ўлічваюць, калі вырашаюць, ці браць у закладнікі новых людзей».
З чэрвеня 2025 году ў Беларусі, пры ўдзеле амэрыканскай дыпляматыі, адбылося некалькі хваляў вызваленьняў асуджаных пасьля масавых пратэстаў 2020 году. Сярод сотняў палітвязьняў, якія апынуліся на волі, былі ключавыя фігуры беларускага дэмакратычнага руху, у прыватнасьці Сяргей Ціханоўскі, Алесь Бяляцкі, Віктар Бабарыка, Марыя Калесьнікава. Аналітыкі лічаць гэта спробай Лукашэнкі зьмякчыць сваю ізаляцыю ад Захаду і дамагчыся паслабленьня санкцыяў. Але перасьлед беларусаў паводле палітычна матываваных справах працягваюцца. Згодна з дадзенымі праваабаронцаў «Вясны», у краіне застаецца 911 палітвязьняў.
Былы палітзьняволены: «Злачынства палягала ў тым, што я грамадзянін Чэхіі»
Фота 03. Экс-палітзьняволены Вэнэсуэлы, грамадзянін Чэхіі Ян Дармаўзал. Аўтар: Офіса дэмакратычных сіл Беларусі ў Чэхіі.
Падчас дыскусіі адбыўся першы публічны выступ чэскага грамадзяніна Яна Дармаўзала, якога затрымалі ў Вэнэсуэле падчас турыстычнага падарожжа 5 верасьня 2025 году. Вэнэсуэльскія ўлады абвінавацілі Дармаўзала ў сувязях з амэрыканскай выведкай. Ён правёў за кратамі роўна 500 дзён і быў вызвалены 16 студзеня 2026 году, пасьля захопу Нікаляса Мадура.
«Падчас зьняволеньня я цярпеў розныя формы фізычнага і псыхалягічнага катаваньня, мяне крытычна пазбаўлялі ежы і сну. Мяне таксама пазбавілі маёй асобы, далі фальшывае імя, я быў цалкам ізаляваны ад зьнешняга сьвету на месяцы, ня ведаючы, ці выжыву, — кажа Ян Дармаўзал. — Вэнэсуэльскі рэжым фармальна абвінавачваў мяне ў шпіянажы, тэрарызьме, фінансаваньні тэрарызму і агулам у змове супраць вэнэсуэльскага ўраду, уключна з мэтай забойства Нікаляса Мадура. Але ў чым палягала сапраўднае злачынства? У тым, што я замежнік, грамадзянін Чэхіі».
Экс-зьняволены падкрэсьлівае, што «ніводны чалавек не павінен праходзіць праз падобны досьвед» і заўважае, што «гэта працягвае адбывацца ня толькі ў Вэнэсуэле, але і ў Беларусі».
Ян Дармаўзал заклікае дэмакратычныя дзяржавы і міжнародную супольнасьць зьвяртаць больш увагі на праблему палітычных зьняволеных па ўсім сьвеце.
«Я спадзяюся, што Чэская Рэспубліка, гэтаксама як і іншыя дзяржавы, якія заяўляюць аб сваёй прыхільнасьці правам чалавека, змогуць адыгрываць значна больш актыўную ролю ў абароне палітычных зьняволеных, садзейнічаць закрыцьцю незавершаных несправядлівых крымінальных працэсаў супраць сваіх грамадзян і стварэньню эфэктыўных мэханізмаў кампэнсацыі шкоды», — кажа ён.
Ганна Ермаковіч
Форум