Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Асуджаны за «агентурную дзейнасьць» украінец патрабуе прызнаць катаваньні ў Беларусі ваенным злачынствам

Абмен, калі Ўкраіне перадалі 31 украінца зь Беларусі, 22 лістапада 2025 году
Абмен, калі Ўкраіне перадалі 31 украінца зь Беларусі, 22 лістапада 2025 году

Грамадзянін Украіны, якога ў Беларусі асудзілі на 7 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму паводле артыкулу 358-1 (агентурная дзейнасьць), цяпер дабіваецца праз суд прызнаньня катаваньняў яго ў беларускай калёніі ваенным злачынствам Беларусі.

Як стала вядома Свабодзе, сёлета ў сакавіку ўкраінец, якога Беларусь перадала Ўкраіне ў межах аднаго з ранейшых абменаў палоннымі з Расеяй, зьвярнуўся ў абласное ўпраўленьне Службы бясьпекі Ўкраіны з заявай аб крымінальных злачынствах супраць яго паводле артыкулаў 127 (катаваньне) і 438 (ваенныя злачынствы) Крымінальнага кодэксу Ўкраіны.

Зварот ён абгрунтаваў тым, што ў калёніі супраць яго выкарыстоўвалі фізычны і псыхалягічны ціск і катаваньні. Паводле інфармацыі Свабоды, пакуль яму адмовілі, але, выключна праз парушэньне працэдуры: перад зваротам у суд інфармацыю, выкладзеную ў заяве, трэба было ўнесьці ў Адзіны рэестар дасудовых расьсьледаваньняў.

Праз брак такой інфармацыі ў рэестры суд адмовіў у задавальненьні скаргі. У той жа час судзьдзя, які разглядаў заяву, адзначыў, што ўкраінец, які перажыў зьняволеньне ў Беларусі, не надаў «аб’ектыўных зьвестак, якія сапраўды сьведчылі б аб учыненьні крымінальнага правапарушэньня, паколькі дзяржава Ўкраіна не вядзе ваенных дзеяньняў з Рэспублікай Беларусь», а таму дзеяньні, на якія скардзіўся палітычны вязень, не падпадаюць пад артыкул аб ваенных злачынствах.

Але гэта не канчатковае рашэньне суду. Грамадзянін Украіны можа яго абскардзіць.

Ці магчыма прызнаць ваеннымі злачынствамі Беларусі катаваньні ўкраінцаў у турмах

Адвакат Віталь Тытыч, які прадстаўляе сваякоў герояў Нябеснай сотні ў справе аб злачынствах на Майдане ў 2014 годзе, мяркуе, што катаваньні ўкраінцаў у Беларусі ўсё ж варта разглядаць як ваенныя злачынствы Беларусі.

«Калі б орган дасудовага расьледаваньня ўнёс зьвесткі ў рэестар, абавязак суду — пачаць крымінальнае вядзеньне, пагатоў у абставінах, калі гэты факт відавочны», — сказаў Свабодзе Віталь Тытыч.

Украінскі адвакат Віталь Тытыч
Украінскі адвакат Віталь Тытыч

Юрыст падкрэсьліў, што Беларусь, згодна зь міжнародным правам і Рымскім статутам, ёсьць удзельніцай узброенай агрэсіі Расеі супраць Украіны, бо надала сваю тэрыторыю для ўварваньня расейскіх войскаў.

«То бок (удзельніцай) грубага парушэньня міжнароднага права, калі мы гаворым у кантэксьце краіны, і злачынства ў кантэксьце асобаў, якія ўчынілі агрэсію, — найвышэйшага палітычнага кіраўніцтва Беларусі. Тое, што нашы палітыкі не падымаюць гэтае пытаньне і актыўна не расказваюць пра гэта на міжнародным узроўні, можна патлумачыць выключна пытаньнямі абарончага характару», — адзначыў Віталь Тытыч.

Паводле адваката, дзеяньні супраць украінцаў на тэрыторыі Беларусі падпадаюць пад кваліфікацыю артыкулу 438 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны аб ваенных злачынствах.

«Таму адназначна могуць разглядацца як ваеннае злачынства ў гэтым кантэксьце катаваньні падчас палону або захопу цывільных асобаў на тэрыторыі Беларусі», — дадаў ён.

Віталь Тытыч адзначыў, што катаваньні і фізычны ціск супраць украінцаў у турмах Беларусі падлягаюць кампэтэнцыі ўкраінскіх судоў. Каб яны прызналі гэтыя дзеяньні ваеннымі злачынствамі, украінцы, якія пацярпелі ад палітычна-крымінальнага перасьледу ў Беларусі, павінны зьвяртацца да судовых установаў.

«Як у выпадку з Майданам — нічога не было б, калі ня сем’і загінулых, калі б яны не аб’ядналіся, не пісалі, не гаварылі пра гэтыя злачынствы. Гэта не юрыдычнае пытаньне. Можна аб’ядноўвацца, можа адна асоба падаваць заяву і залучаць іншых (пацярпелых) у якасьці сьведкаў. Але крымінальнае вядзеньне адбываецца паводле факту — трэба пазначыць канкрэтную асобу, датычную да катаваньняў, і пачаць крымінальнае вядзеньне, выставіць падазрэньне in absentia і перадаць гэтую справу ў суд. Гэта будзе абсалютна правільная справа», — патлумачыў юрыст.

Тытыч кажа, што паводле аналягічнай працэдуры суды цяпер разглядаюць крымінальныя справы супраць расейцаў, датычных да ваенных злачынстваў на тэрыторыі Ўкраіны, якія не знаходзяцца на ўкраінскай тэрыторыі.

Беларусь пасьля пачатку перамоваў з дэлегацыяй ЗША перадала Ўкраіне сама меней 35 украінцаў, асуджаных у Беларусі паводле палітычных матываў за нібыта шпіянаж, тэрарызм або супрацу з украінскімі спэцслужбамі. Публічна гэта адбывалася двойчы — 22 лістапада 2025 году (тады перадалі 31 украінца) і 13 сьнежня 2025 году (перадалі сама меней 5 грамадзян Украіны).

  • Улады Беларусі падтрымалі агрэсію Расеі 24 лютага 2022 году, дазволіўшы скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны.
  • Паводле крытэраў Жэнэўскай канвэнцыі, Беларусь ня ёсьць удзельніцай расейскай агрэсіі супраць Украіны, бо беларускіх Узброеных сілаў на тэрыторыі Ўкраіны няма. Аднак пры наяўнасьці іншых доказаў (дапамога вайсковай прамысловасьці, лячэньне параненых расейскіх вайскоўцаў) міжнародны суд можа прызнаць Беларусь суагрэсаркай.
  • У той жа час грамадзяне Беларусі ваююць на баку як Расеі, гэтак і Ўкраіны. Дакладная іх колькасьць невядомая.
  • За гэты час ва Ўкраіне, паводле розных ацэнак, загінулі больш за 80 грамадзян Беларусі і этнічных беларусаў з украінскім грамадзянствам, якія змагаліся супраць Расеі (імёнаў шэрагу загінулых не называюць дзеля бясьпекі іхных сваякоў у Беларусі. — РС), а таксама больш за 100 тых, хто ваяваў на баку Расеі.
Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG