Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: 30 сакавіка 1918 году — Дзень дзяржаўнасьці беларускае мовы

Ілюстрацыя: выбар беларускай мовы ў кампутары
Ілюстрацыя: выбар беларускай мовы ў кампутары

Падзеі 30 сакавіка ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.

Дата дня

30 сакавіка 1918 году Народны Сакратарыят БНР прыняў пастанову пра дзяржаўнасьць беларускай мовы.

Адно зь першых рашэньняў ураду БНР — „абвешчаньне беларускае мовы дзяржаўнаю і абавязковаю моваю Рэспублікі“. Статус беларускае мовы фіксавалі і раней: у Статуце ВКЛ 1566 году, у інструкцыі фэльдмаршала Гіндэнбурга 16 студзеня 1916 году. Але першым рашэньнем аб беларускай мове як адзінай дзяржаўнай, адпаведным сучасным дзяржаўна‑праўным нормам і прынятым самімі беларусамі, была пастанова Народнага Сакратарыяту БНР ад 30 сакавіка, апублікаваная 3 красавіка. Гэта быў няпросты крок, бо беларуская мова толькі вярталася ў грамадзкае жыцьцё. БНР дынамічна стварала сыстэму беларускамоўнай адукацыі. Дзяржаўнасьць беларускае мовы ў ХХ стагодзьдзі — заваёва менавіта Беларускае Народнае Рэспублікі.

Гэты дзень у гісторыі

1856 — падпісаная мірная дамова, якая завяршыла Крымскую вайну Расеі зь Вялікай Брытаніяй, Францыяй і Турэччынай.

1867 — у Вашынгтоне падпісалі дамову, згодна зь якой ЗША набылі ў Расеі Аляску за 7,2 мільёна даляраў.

1918 — пастанова Народнага Сакратарыяту БНР пра дзяржаўнасьць беларускай мовы.

1981 — учынены замах на прэзыдэнта ЗША Рональда Рэйгана.

Агенты Сакрэтнай службы ў момант замаху на прэзыдэнта ЗША Рональда Рэйгана, 30 сакавіка 1981 г.
Агенты Сакрэтнай службы ў момант замаху на прэзыдэнта ЗША Рональда Рэйгана, 30 сакавіка 1981 г.

1999 — арышт Міхаіла Чыгіра напярэдадні яго рэгістрацыі кандыдатам на альтэрнатыўныя прэзыдэнцкія выбары. Чыгір восем месяцаў правядзе ў зьняволеньні, будзе прызнаны палітвязьнем і вязьнем сумленьня.

2021 — мастака Алеся Пушкіна арыштавалі ў вёсцы Жылічы Кіраўскага раёну, дзе ён працаваў на рэстаўрацыі палаца Булгакаў.

2023 — пасьля даносу ў Зэльве дэмантавалі помнік паэтцы Ларысе Геніюш.

Знос бюста Ларысы Геніюш у Зэльве. Фота газэты «Народная воля»
Знос бюста Ларысы Геніюш у Зэльве. Фота газэты «Народная воля»

У гэты дзень нарадзіліся

1746 — Франсіска Гоя, гішпанскі мастак.

1844 — Поль Вэрлен, францускі паэт.

1853 — Вінцэнт ван Гог, галяндзкі мастак.

Вінцэнт ван Гог, Сланечнікі, 1887
Вінцэнт ван Гог, Сланечнікі, 1887

1888 — Ян Цеханоўскі, нацыянальны дзяяч Заходняй Беларусі, пэдагог, дырэктар Наваградзкай беларускай гімназіі.

1907 — Надзея Абрамава, пісьменьніца, журналістка, кіраўніца беларускага маладзёвага руху пад нямецкай акупацыяй, дзяячка эміграцыі.

1931 — Аляксей Пяткевіч, літаратуразнавец і краязнавец.

1933 — Валянцін Грыцкевіч, мэдык, гісторык, грамадзкі дзяяч беларускага згуртаваньня ў Санкт-Пецярбургу.

1940 — Алесь Марачкін, беларускі мастак, жывапісец, пэдагог, грамадзкі дзяяч. Адзін з заснавальнікаў і першы старшыня мастацкай суполкі «Пагоня».

1953 — Валеры Масьлюк, тэатральны рэжысэр, паэт, адзін са стваральнікаў Беларускага Народнага Фронту.

1956 — Хрысьціна Лялько, пісьменьніца.

У памяці

1689 — Казімір Лышчынскі, філёзаф зь Берасьця. За трактат «Пра неіснаваньне Бога» Лышчынскаму публічна адсеклі галаву, цела спалілі, а попелам стрэлілі з гарматы.

1767 — Ян Гляўбіц, клясык беларускай архітэктуры.

1890 — Ясафат Агрызка, беларускі выдавец, журналіст, грамадзка-палітычны дзеяч.

1959 — Казiмiр Машынскi, этнограф, фальклярыст, мовазнаўца, дасьледнік Палесься.

1973 — Уладзімер Дзядзюшка, актор, народны артыст Беларусі.

1983 — Аўгіньня Каранеўская, дзяячка беларускага руху ў Аўстраліі.

1992 — Вольга Церашчатава, мастацтвазнаўца, удзельніца нацыянальна-культурніцкага руху 1970–1980-х і нацыянальна-дэмакратычнага руху 1980-х — пачатку 1990-х гадоў.

2017 — Мікола Рыжы, вядомы беларускі ілюстратар і мастак філятэлістычнай прадукцыі.

​
XS
SM
MD
LG