Як адзначаецца ў паведамленьні, ужо ўсе рэкі ў Беларусі цалкам ачысьціліся ад лёду.
На Дняпры, Сожы, Прыпяці, большай частцы Заходняй Дзьвіны ўзровень вады павышаецца на 1-11 сантымэтраў кожныя 24 гадзіны. Толькі на адной рацэ — Віліі — назіраюць нязначны спад узроўню вады. Пры гэтым вада пакуль застаецца на пойме гэтых рэк.
Па-ранейшаму блізкі да небясьпечнай адзнакі ўзровень вады на прытоку Сожу — рацэ Проня каля вёскі Ляцягі (Магілёўская вобласьць), аднак інтэнсіўнасьць прыбыцьця вады істотна зьнізілася ў параўнаньні з папярэднім днём.
Паводле Міністэрства ў надзвычайных сытуацыях, у Мсьціслаўскім і Хоцімскім раёнах Магілёўскай вобласьці, Гомельскім, Добрускім і Петрыкаўскім раёнах Гомельскай вобласьці назіраецца затапленьне жылых будынка, падворкаў, гаспадарчых забудоў, мастоў і ўчасткаў дарог.
Раней прагназавалі, што сёлета празь вялікі запас сьнегу пад вадой можа апынуцца да 60% тэрыторыі Беларусі. Найбольш ад такіх зьяваў цярпіць Гомельская вобласьць. Вясновая паводка традыцыйна пачынаецца на Прыпяці, Сажы і Дняпры.
Пазьней міністар у надзвычайных сытуацыях Беларусі Вадзім Сіняўскі заявіў, што сёлета чакаецца «плянавае праходжаньне паводкавай сытуацыі».
Найбольшая паводка ў Гомельскай вобласьці адбылася ў 2023 годзе. Тады пад вадой апынуліся сотні падворкаў, жылых дамоў і гаспадарчых пабудоваў, а людзей часова адсялялі.
Форум