Пра гэта 26 сакавіка заявіў генэральны сакратар NATO Марк Рутэ. Ён пракамэнтаваў пэрспэктывы ўступленьня Ўкраіны і штогадовую справаздачу NATO за 2025 год, у якой, у адрозьненьне ад леташняй, больш ня згадваюцца наўпрост пэрспэктывы далучэньня Ўкраіны. Пра гэта паведаміла карэспандэнтка «Радыё Свабода»/«Радыё Свабода» ў Брусэлі.
«Ёсьць шлях у NATO для Ўкраіны, які быў узгоднены на саміце ў Вашынгтоне ў 2024 годзе. Гэты шлях зойме час, бо мы ведаем, што ёсьць шэраг хаўрусьнікаў, якія ў цяперашні час не падтрымліваюць сяброўства Ўкраіны ў NATO. Таму цяпер гэта не стаіць на парадку дня», — сказаў Рутэ.
У заключнай дэклярацыі зьезду NATO ў Гаазе ў 2025 годзе таксама ня згадвалася магчымае сяброўства Ўкраіны ў арганізацыі. Тады дыпляматы растлумачылі гэта ў кароткім тэксьце і запэўнілі, што радок пра пэрспэктывы сяброўства з Вашынгтонскай дэклярацыі 2024 году застаецца актуальным.
У той жа час Альянс працягвае засяроджвацца на практычнай падтрымцы Ўкраіны. У штогадовай справаздачы Генэральнага сакратара NATO за 2025 год адзначаецца, што хаўрусьнікі дапамагаюць Кіеву «спыніць вайну і дасягнуць справядлівага і трывалага міру».
У дакумэнце таксама падкрэсьліваюць доўгатэрміновы падыход: «важна, каб Альянс працягваў аказваць Украіне падтрымку, патрэбную для самаабароны сёньня, адначасна дапамагаючы ёй быць гатовай стрымаць любую будучую расейскую агрэсію заўтра».
Акрамя таго, NATO разьвівае сыстэмную супрацу з Украінай у галіне абароны. У прыватнасьці, гэта ўключае каардынацыю ваеннай дапамогі, падрыхтоўкі кадраў і лягістыкі, а таксама паступовае дасягненьне сумяшчальнасьці ўкраінскіх узброеных сіл са стандартамі Альянсу.
У справаздачы таксама адзначаюць, што NATO працуе над «інтэграцыяй украінскай абароннай прамысловасьці ў экасыстэму хаўрусьнікаў», што прадугледжвае прыцягненьне інвэстыцый і пашырэньне супрацы.
Раней NATO неаднаразова заяўляла, што будучыня Ўкраіны ў Альянсе, але пытаньне сяброўства застаецца палітычна адчувальным праз пазыцыі асобных дзяржаў-сябровак. Акрамя таго, неаднаразова розныя палітыкі заяўлялі, што Ўкраіна ўвойдзе ў арганізацыю толькі па заканчэньні вайны з Расеяй.
Форум