Дата дня
11 сакавіка 1906 году ў Менску за замах на губэрнатара пакаралі сьмерцю 26-гадовага рэвалюцыянэра-сацыяліста Івана Пуліхава. Вось як разьвівалася гісторыя.
30 кастрычніка 1905 году ў Менск прыйшлі зьвесткі пра царскі маніфэст, які абвяшчаў у краіне дэмакратычныя свабоды. На прывакзальным пляцы сабраўся мітынг, удзельнікі якога запатрабавалі ад губэрнатара Паўла Курлова вызваліць палітвязьняў, што і было зроблена. Натхнёныя перамогаю мітынгоўцы здолелі сабраць пад свае сьцягі 20 тысяч менчукоў. Губэрнатар даў дазвол страляць. На пляцы засталося больш за 100 забітых і 300 параненых.
Арганізацыя партыі эсэраў вынесла Курлову сьмяротны прысуд. Выканаць яго ўзяўся Пуліхаў. Бомба, кінутая 14 студзеня Іванам у губэрнатара, ня выбухнула. 11 сакавіка Пуліхава павесілі на браме Пішчалаўскага замку і пакінулі ў пятлі на чатыры дні для застрашэньня менчукоў.
У 1923 годзе імем Пуліхава назвалі былую Архірэйскую вуліцу ў сталіцы.
Таксама ў гэты дзень
1401 — Радамска-віленская вунія ўзмацніла літоўска-польскія дачыненьні. ВКЛ засталося самастойнай дзяржавай на чале зь Вітаўтам, а Польшча — на чале зь Ягайлам.
1566 — зацьверджаны другі Статут Вялікага Княства Літоўскага — звод законаў фэадальнага права, помнік беларускага пісьменства і юрыдычнай думкі (паводле старога стылю — 1 сакавіка).
1609 — пачалася вайна ВКЛ з Масковіяй (1609—1618), у часе якой войска ВКЛ на два гады захапіла Маскву.
1985 — Міхаіл Гарбачоў пасьля сьмерці Канстанціна Чарненкі быў прызначаны генэральным сакратаром ЦК КПСС.
1990 — Вярхоўны Савет Літоўскай ССР прыняў акт, якім заявіў аб выхадзе рэспублікі са складу Савецкага Саюзу.
2011 — у выніку моцнага цунамі адбылася аварыя на японскай АЭС «Фукусіма».
У гэты дзень нарадзіліся
1827 — Каятан Крашэўскі, пісьменьнік і драматург, аўтар гістарычных і мэмуарных твораў.
1887 — Алесь Гарун, беларускі паэт і дзеяч беларускага Адраджэньня пачатку XX стагодзьдзя.
Ты, мой брат, каго зваць Беларусам,
Роднай мовы сваёй не цурайся;
Як ня зрокся яе пад прымусам,
Так і вольны цяпер не зракайся.
1911 — Леў Гарошка, беларускі рэлігійны дзеяч і навуковец, галоўны рэдактар часопіса «Божым шляхам», архімандрыт грэка-каталіцкай царквы.
1903 — Тодар Кляшторны, беларускі паэт. У 1937 годзе Кляшторны быў асуджаны НКВД як «член антысавецкай арганізацыі», яму прысудзілі найвышэйшую меру пакараньня з канфіскацыяй маёмасьці.
Сумна тут у мурах да адчаю,
Здэцца, просіцца сэрца ў палі,
Дзе вясна залатымі ключамі
Адмыкае таемнасьць зямлі.
1966 — Зьміцер Яцкевіч, гісторык.
У памяці
1831 — Восіп Казлоўскі, кампазытар і арганіст.
1839 — Сымон Канарскі, дзеяч вызвольнага руху 1830-х, удзельнік паўстаньня 1831 году, расстраляны расейскімі ўладамі.
1872 — Плацыд Янкоўскі, уніяцкі, пасьля праваслаўны сьвятар, празаік і паэт, магістар тэалёгіі.
1926 — Станіслаў Нарбут, вучоны-мэдык, лекар. Абараніў доктарскую дысэртацыю пра каўтун — хваробу беднякоў.
1938 — Эрвін Краінскі-Савіцкі, супрацоўнік газэты «Красноармейская звезда» зь Менску. Арыштаваны 20 траўня 1937 году. Асуджаны як сябра контрарэвалюцыйнай шпіёнскай арганізацыі. Расстраляны.
1941 — Аляксандар Уласаў, рэдактар і выдавец першай беларускай газэты «Наша Ніва». У 1918 годзе ўвайшоў у склад Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. У кастрычніку 1939 году Ўласаў быў арыштаваны НКВД і перавезены ў Менск. У лістападзе 1940 году асуджаны на 5 гадоў канцлягераў за «шпіёнска-правакатарскую дзейнасьць».
1955 — Аляксандар Флемінг, брытанскі біёляг і фармаколяг, вынаходнік пэніцыліну, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі па фізіялёгіі і мэдыцыне.
1996 — Леанід Марчанка, мастак.
2006 — Слабадан Мілошавіч. прэзыдэнт Сэрбіі (1989—1997), прэзыдэнт Югаславіі (1997—2000). У сувязі з ваеннымі канфліктамі на Балканах Мілошавіч быў абвінавачаны судом больш як па 60 пунктах, сярод іншага ў генацыдзе і злачынствах супраць чалавецтва. Памёр у турме Гааскага трыбуналу.
2022 — Аляксей Пяткевіч, літаратуразнаўца і краязнаўца, прафэсар.