Празь некалькі гадзін пасьля публікацыі паведамленьняў аб нападах на аб’ект у заходнім Тэгеране каля стадыёну «Азадзі» іранскія інфармацыйныя агенцтвы апублікавалі выявы разбурэньня спартовага комплексу «Азадзі», паведамляе «Радыё Фарда».
Гэтыя інфармацыйныя агенцтвы напісалі: «У выніку сёньняшняй раніцы амэрыканскія і ізраільскія ракетныя атакі на стадыён „Азадзі“ на 12 000 месцаў у Тэгеране былі разбураны розныя часткі арэны і навакольныя будынкі».
Заля «Азадзі» месьціцца каля велізарнага 78-тысячнага стадыёну пад такой жа назвай. У спартовым комплексе 12 000 месцаў — гэта найбуйнейшая крытая спартовая заля ў Іране.
Спартовую арэну ўвялі ў карыстаньне яшчэ перад рэвалюцыяй 1979 году, яе збудавалі да Азіяцкіх гульняў 1974 году. У гэтай залі праводзілася большасьць спаборніцтваў у футзале, валейболе, дужаньні, баскетболе, канькабежным спорце і конных скачках.
Гэтая спартовая заля таксама выкарыстоўвалася як месца для правядзеньня публічных цырымоній у час некаторых рэлігійных і палітычных мерапрыемстваў.
Пасьля нападу афіцыйны ізраільскі фарсі-канал на X-Net сьцьвярджаў, што заля была «месцам збору і адпачынку рэпрэсіўных сілаў рэжыму», але не падаў ніякіх доказаў, адзначае «Радыё Фарда».
Вайсковая апэрацыя ЗША і Ізраілю супраць Ірану
28 лютага Дональд Трамп аб’явіў аб пачатку супольнай з Ізраілем маштабнай ваеннай апэрацыі супраць рэжыму ў Іране. Патрэбу ў апэрацыі зьвязалі з правалам перамоваў аб іранскай ядзернай праграме.
Аятала Алі Хамэнэі й іншыя прадстаўнікі найвышэйшага іранскага кіраўніцтва былі забітыя. Прэзыдэнт Ірану Масуд Пэзэшкіян назваў забойства Хамэнэі страшным злачынствам і паабяцаў адпомсьціць. Іран пачаў апэрацыю ў адказ і нанёс удары па амэрыканскіх аб’ектах на Блізкім Усходзе.
Пераемніка Хамэнэі павінна выбраць рада з 88 багасловаў.
Масква наўпрост асудзіла агрэсію Ізраілю і ЗША супраць Ірану. Улады Беларусі адрэагавалі стрымана. Лукашэнка ў першыя два дні пасьля гібелі Хамэнэі не сказаў ані слова, а МЗС Беларусі 28 лютага двойчы выступіў з заявамі. У адной прагучала заклапочанасьць абвастрэньнем канфлікту вакол Ірану. У другой заяве атака на Іран асуджаецца, але Ізраіль і ЗША не названыя, акцэнт робіцца на гуманітарным аспэкце.
Беларуская дзяржаўная авіякампанія «Белавія» празь небясьпеку ад узаемных абстрэлаў на Блізкім Усходзе скасавала шэраг рэйсаў і 2 сакавіка накіравала эвакуацыйны самалёт зь Менску ў Доху, каб забраць беларускіх турыстаў, што апынуліся ў Катары, які таксама абстрэльваў Іран.
Паводле іранскага таварыства Чырвонага Паўмесяца, у Іране загінулі больш за 200 чалавек, параненыя больш за 700. Паводле іранскага інфармацыйнага агенцтва IRNA, 118 чалавек сярод загінулых — школьнікі.
Афіцыйныя асобы Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў заявілі пра трох загінулых і 58 параненых у краіне з пачатку іранскіх атак на рэгіён Пэрсыдзкай затокі, якія сталі адказам на ваенныя апэрацыі ЗША і Ізраілю.
У выніку іранскага ракетнага ўдару па горадзе Бэйт-Шэмэш у Ізраілі, што за 40 км ад Ерусаліму, як мінімум 9 чалавек загінулі і 28 атрымалі раненьні. З пачатку новага абвастрэньня па тэрыторыі Ізраілю рэгулярна б’юць ракетамі.
2 сакавіка да баявых дзеяньняў у рэгіёне далучылася праіранская ісламісцкая групоўка «Хэзбала», якая пачала з тэрыторыі Лібану абстрэльваць Ізраіль.
Форум