Дата дня
28 лютага 1916 ў Вільні выйшаў першы нумар газэты «Гоман» пад рэдактарствам Вацлава Ластоўскага. Выходзіла двойчы на тыдзень лацінкай і кірыліцай. Выступала за палітычныя свабоды, незалежнасьць Беларусі, беларускую мову і культуру.
29 лютага 1468 году вялікі князь літоўскі Казімер Ягайлавіч выдаў Судзебнік, які стаў першай спробай кадыфікацыі крымінальнага і працэсуальнага права Вялікага Княства Літоўскага. Ён быў напісаны на старабеларускай мове.
Кодэкс усталяваў адзіныя для ўсёй дзяржавы пакараньні і судовыя працэдуры за асобныя віды злачынстваў. Ён складаўся з 25 артыкулаў і закранаў толькі злачынствы супраць уласнасьці (крадзеж і рабаваньне), мноства іншых выпадкаў ня трапілі ў кодэкс і разглядаліся паводле звычаёвага права. Упершыню законам быў усталяваны мінімальны век, зь якога пачыналася крымінальная адказнасьць: 7 гадоў.
Судзебнік дзейнічаў да стварэньня першага Статуту ВКЛ 1529 году. Арыгінал Судзебніка не захаваўся, маюцца яго сьпісы канца XV-XVІ стст.
Таксама ў гэты дзень
1567 — кароль і вялікі князь Жыгімонт Аўгуст надаў Дзісьне герб.
1768 (29.ІІ) — створаная Барская вайскова-палітычная канфэдэрацыя Рэчы Паспалітай, абвешчаная ў мястэчку Бар (Украіна), дзеля абароны ўнутранай і зьнешняй незалежнасьці Рэчы Паспалітай, накіраваная супраць расейскай агрэсіі і супраць караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага.
1854 — заснаваная Рэспубліканская партыя ЗША.
1922 — Вялікая Брытанія прызнала незалежнасьць Эгіпту.
1936 (29.ІІ)— дацкі фізык-тэарэтык Нільс Бор прапанаваў тэорыю складовага ядра атама.
1940 — амэрыканская кінаактрыса Хэці Макдэніэл стала першай афраамэрыканкай, якая атрымала прэмію «Оскар» (у намінацыі «лепшая акторка другога пляну» за ролю ў фільме «Зьнесеныя ветрам»).
2013 — папа Бэнэдыкт XVI сышоў з пасаду.
2020 (29.ІІ) — ЗША і афганскі рух «Талібан» у Катары падпісалі мірнае пагадненьне, якое прадугледжвала вывад замежных войскаў з Афганістану і заключэньне перамір’я.
2022 — рэйкавыя партызаны Дзяніс Дзікун, Алег Малчанаў і Дзьмітры Равіч падпалілі рэлейную шафу на перагоне чыгункі Жлобін — Калінкавічы, якая далей ідзе ва Ўкраіну. Партызан асудзілі на 21–23 гады турмы.
У гэты дзень нарадзіліся
1792 (29.ІІ) — Джаакіна Расіні, знакаміты італьянскі кампазытар, аўтар опэры «Сэвільскі цырульнік».
1840 — Джон Філіп Голанд, амэрыканскі інжынэр, стваральнік сучаснай канструкцыі падводнай лодкі.
1840 (29.ІІ) — Раман Рагінскі, адзін з кіраўнікоў паўстаньня 1863–1864 гадоў у Польшчы, Беларусі і Літве. У прыватнасьці, падчас ваенных дзеяньняў ён заняў Пружаны.
1860 (29.ІІ)— амэрыканскі інжынэр Герман Галерыт, які вынайшаў табулятар — першую электрычную лічыльную машыну.
1901 — Лайнус Карл Полінг, амэрыканскі хімік, ляўрэат дзьвюх Нобэлеўскіх прэміяў — прэміі па хіміі і прэміі міру.
1908 (29 лютага) — Ядвiга Бяганская, пісьменьніца і перакладчыца, нявольніца ГУЛАГу.
1913 — Аляксей Шудзейка, дзеяч беларускай эміграцыі ў Нямеччыне і ЗША.
1920 (29.ІІ) — Мішэль Марган, француская актрыса тэатру і кіно, легенда францускага кінэматографу, уладальніца іменнай зоркі на Алеі славы ў Галівудзе.
1937 — Георгі Галенчанка, гісторык кнігі, скарыназнаўца.
1940 — (29.ІІ) Сусьветны патрыярх Барталамей І, кіраўнік Канстантынопальскай царквы.
1947 — Галіна Сямдзянава, палітык.
1949 — Ібрагім Канапацкі, гісторык, адзін зь лідэраў татарскай супольнасьці Беларусі.
1956 (29.ІІ) — Сьвятлана Навумава , вядомы беларускі палітоляг і паліттэхноляг, была адным з заснавальнікаў грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду», працавала ў штабе Ўладзімера Някляева на прэзыдэнцкіх выбарах 2010 году ў Беларусі.
1972 (29.ІІ) — Сяргей Канановіч, беларускі рок-музыка, гітарыст, быў гітарыстам праектаў «Крамбамбуля» і Zet, удзельнікам гурта Pomidor/OFF, граў з гуртамі «Палац», žygimont VAZA, Зьмітром Вайцюшкевічам, N.R.M.
1972 (29.ІІ) — Сяргей Ёрш, гісторык і журналіст.
У памяці
1616 — Мікалай Радзівіл Сіротка, дзяржаўны дзяяч ВКЛ, мэцэнат, стваральнік Нясьвіскай ардынацыі.
1868 (29.ІІ) — баварскі кароль Людвіг Першы, адзін з самых асьвечаных манархаў XIX стагодзьдзя, праўленьне якога лічыцца часам сапраўднага росквіту баварскай культуры.
1942 — Канстанцін Кернажыцкі, гісторык, ахвяра сталінізму.
1985 — Вадзім Жучкевіч, вучоны-географ, стваральнік тапанімічнай школы.
1986 — Улаф Пальмэ, прэм’ер-міністар Швэцыі (забіты).