Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палата прадстаўнікоў у першым чытаньні прыняла праект закону супраць хатняга гвалту, дакладваў Кубракоў

На акцыі беларускай ініцыятывы «Маршыруй, дзетка» супраць хатняга гвалту. Менск, 2019 год
На акцыі беларускай ініцыятывы «Маршыруй, дзетка» супраць хатняга гвалту. Менск, 2019 год

Новае ў законапраекце — прафіляктычная праца зь вінаватымі ў хатнім гвалце, каб перадухіліць шкоду да яе нанясеньня.

Як паведамляе прэс-служба Палаты прадстаўнікоў, 25 лютага ў першым чытаньні ўхвалены законапраект, накіраваны на перадухіленьне хатняга гвалту.

«Праект Закону „Аб зьмене законаў у пытаньнях прафіляктыкі правапарушэньняў“ прыняты дэпутатамі ў першым чытаньні. З дакладамі аб дакумэнце выступілі міністар унутраных справаў Іван Кубракоў і чалец пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў у нацыянальнай бясьпецы Ігар Пашкоў».

Афіцыйна паведамляецца, што «законапраект падрыхтаваны МУС Беларусі дзеля ўдасканаленьня праўнага рэгуляваньня прафіляктычнай работы ў дачыненьні да асобаў, якія ўчынілі хатні гвалт, якія вызваліліся зь лячэбна-працоўных прафілякторыяў, асуджаных на штраф, і прадугледжвае карэкцыю Закону „Аб асновах дзейнасьці ў прафіляктыцы правапарушэньняў“», — гаворыцца ў прэс-рэлізе Палаты прадстаўнікоў.

Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергяенка сказаў, што ў Беларусі надаецца сур’ёзная ўвага барацьбе са злачыннасьцю, а колькасьць выпадкаў хатняга гвалту з цяжкімі наступствамі зьмяншаецца. Цяпер удасканальваюць заканадаўчыя падыходы да прафіляктычных захадаў адносна асобных катэгорыяў парушальнікаў.

Новае ў законапраекце — прафіляктычная праца зь вінаватымі ў хатнім гвалце, каб „перадухіліць шкоду да яе ўзьнікненьня“. Маюцца на ўвазе больш падставаў для прафіляктычнага ўліку; дадатковыя абавязкі грамадзян, у адносінах да якіх ажыцьцяўляецца такі ўлік; канкрэтызацыя функцыяў і абавязкаў субʼектаў прафіляктыкі ў гэтай сфэры, — гаворыцца ў паведамленьні Палаты прадстаўнікоў.

Кіраўнік МУС Іван Кубракоў, які прэзэнтаваў законапраект, заявіў:

«Дакумэнт накіраваны на ўдасканаленьне праўнага рэгуляваньня агульнай і індывідуальнай прафіляктычнай работы з асобамі, якія знаходзяцца на ўліку ў органах унутраных справаў, у тым ліку за ўчыненьне фактаў хатняга гвалту». На прафіляктычны ўлік у РАУС цяпер паставяць дзьве новыя катэгорыі: тых, хто выйшаў з ЛПП, і асуджаных на штраф.

Уводзяць крытэры для датэрміновага спыненьня прафіляктычнага ўліку. Кіраўнік тэрытарыяльнага РАУС зможа прыняць такое рашэньне не раней як праз шэсьць месяцаў ад пастаноўкі на ўлік і пры шэрагу ўмоваў. Гэта працоўная занятасьць цягам паўгоду, адсутнасьць фактаў учыненьня хатняга гвалту, праходжаньне карэкцыйнай праграмы, а таксама згода пацярпелага. Таксама прадугледжаныя дадатковыя абавязкі тых, хто стаіць на ўліку, а менавіта пошук працаўладкаваньня і лячэньне ад алькагалізму. За іх невыкананьне прадугледжана адміністрацыйная адказнасьць.

Падобныя захады, як лічыць МУС, «выступаюць дадатковым стымулам для пошуку працы, выключаюць лішнюю фінансавую нагрузку на сямейны бюджэт блізкіх парушальніка, дазваляюць хаця б на некаторы час вярнуць спакой у сямʼю».

Што вядома пра хатні гвалт у Беларусі

Зразумець рэальны маштаб гендэрнага гвалту ў Беларусі цяжка. Толькі паводле афіцыйных заяваў штогод у Беларусі рэгіструецца каля 80 тысяч паведамленьняў пра хатні гвалт. Гэта мінімум 219 фактаў гвалту за дзень. Кожнае трэцяе забойства ўчыняецца рукамі блізкіх.

Паводле апытаньня, праведзенага онлайн-лініяй для пацярпелых ад хатняга гвалту oliviahelp.org пры дапамозе Chatham House, ад розных відаў хатняга гвалту цярпяць 17,6% беларускіх гараджанак, якія маюць партнэра.

У Беларусі няма закону аб супрацьдзеяньні хатняму гвалту. Папярэдні законапраект раскрытыкаваў Лукашэнка, назваўшы яго «дурасьцю, узятай найперш з Захаду». Паводле Лукашэнкі, супрацьдзеяньне гвалту ў сям’і ідзе насуперак «славянскім традыцыям».

Пасьля зьнішчэньня сэктару недзяржаўных арганізацыяў і ініцыятываў у барацьбе з хатнім гвалтам у 2023 годзе Аляксандар Лукашэнка запатрабаваў «выкарчоўваць» з грамадзтва гвалт над жанчынамі і дзецьмі «самымі жорсткімі мэтадамі».

Прадстаўніца Беларускага саюзу жанчын Вольга Чамаданава ў адказ на пытаньне, ці патрэбны ў Беларусі закон аб супрацьдзеяньні хатняму гвалту, заявіла, што беларусы жывуць у бясьпечнай краіне дзякуючы «працы праваахоўных органаў» і што «створаныя ўсе ўмовы, каб людзі пачуваліся ў бясьпецы».

Штогод у Беларусі ў тэрытарыяльныя цэнтры сацыяльнага абслугоўваньня насельніцтва па дапамогу зьвяртаюцца каля 15 тысяч чалавек, якія пацярпелі ад хатняга гвалту, заявіла пастаянная прадстаўніца Беларусі пры Аддзяленьні ААН у Жэнэве Ларыса Бельская, выступаючы 6 лютага 2025 году ў Камітэце ААН у ліквідацыі дыскрымінацыі жанчын. Яе цытуе прэс-служба МЗС Беларусі.

Паводле Бельскай, каб забясьпечыць прытулак для жанчын і дзяўчат, якія пацярпелі ад хатняга гвалту, у Беларусі разьвіваецца сетка так званых «крызісных пакояў»: 105 зьявіліся ў 2015 годзе і 134 у 2024 годзе. Як сьцьвярджае прадстаўніца Беларусі, у першым паўгодзьдзі 2024 году ў «крызісных пакоях» жылі «каля 108 чалавек, якія пацярпелі ад хатняга гвалту, зь іх 81 жанчына і 27 мужчын».

Раней арганізацыі грамадзянскай супольнасьці выступілі ў Камітэце з альтэрнатыўным дакладам аб становішчы жанчын у Беларусі. У ім гаварылася аб працягу дыскрымінацыі жанчын у краіне, роспуску арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці, турэмным зьняволеньні жанчын-праваабаронцаў, перашкодах у доступе жанчын да правасудзьдзя ды інш.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG