«Літва афіцыйна зьвярнулася ў Міжнародную арганізацыю цывільнай авіяцыі, дадаўшы сабраныя доказы парушэньняў паветранай прасторы, якія ўчыняюцца з тэрыторыі Беларусі», — сказала ўчора на прэс-канфэрэнцыі прэм’ерка Інга Ругінене, перадае BNS.
«Гэта не адзінкавыя інцыдэнты, мы гаворым аб пастаянных дзеяньнях, якія ўплываюць на нашу цывільную авіяцыю і ствараюць рызыкі для міжнароднай авіяцыйнай бясьпекі», — адзначыла кіраўніца ўраду Літвы.
З словаў Ругінене, Літва чакае ад арганізацыі «выразнай міжнароднай ацэнкі і прынцыповага адказу».
Міністар транспарту і камунікацыяў Літвы Юрас Тамінскас бачыць «праявы таго, што будзе прызнана: Беларусь ажыцьцяўляе гібрыдную атаку».
«Гэта стала б моцным палітычным ударам і па рэжыме, які спрабуе зноў выйсьці на міжнародную арэну, супрацоўнічаць, выходзіць з ізаляцыі, паказваючы сваю адкрытасьць, бо Менск вельмі ня хоча і ўнікае таго, каб ICAO прызнала парушэньні Беларусьсю міжнароднага права ў галіне цывільнай авіяцыі», — заявіў міністар журналістам у сераду.
«Таксама гэта вялікі ўклад у тое, што калі ў будучыні будуць разглядацца дадатковыя санкцыі, то такія матэрыялы і прызнаньне з боку ICAO парушэньняў міжнароднага авіяцыйнага права паспрыяюць таму, што менскі рэжым можа дачакацца значных санкцыяў», — дадаў ён.
Міністар зьвярнуўся ў ICAO летась у кастрычніку, аднак тады арганізацыя падкрэсьліла, што для разгляду такіх інцыдэнтаў трэба падаваць канкрэтныя доказы. Тамінскас адзначыў, што пакуль складана сказаць, колькі часу зойме ацэнка ICAO, але звычайна гэта доўжыцца каля году.
«Гэта будзе залежаць ад таго, як доўга яшчэ будзе працягвацца гібрыдная атака супраць Літвы, мы будзем увесь час дапаўняць гэтыя дадзеныя. Зыходзячы з практыкі, можна сказаць, што працэс доўжыцца да году, бо ICAO зьвернецца да Беларусі, каб тая дала свае тлумачэньні — гэта ўвесь юрыдычны мэханізм, які нельга ні паскорыць, ні запаволіць», — сказаў міністар.
Паводле прэмʼер-міністаркі, зь леташняй восені службы праверылі каля 50 тыс. чалавек, 38 тыс. аўтамабіляў, перанялі каля 100 балёнаў і знайшлі 234 тысячы пачкаў цыгарэт.
Паводле міністэрства транспарту і камунікацыяў Літвы, зь леташняга кастрычніка па цяперашні час паветраная прастора парушалася прынамсі 16 разоў — гэта закранула больш за 370 рэйсаў і каля 53 тысячы пасажыраў, агульныя страты перавышаюць 2,3 млн эўра.
4 лютага паліцыя Літвы паведаміла аб правядзеньні вялікай апэрацыі супраць кантрабандыстаў і арганізатараў, у выніку якой арыштавалі 5 чалавек.
У сьнежні 2025 году стала вядома аб пачатку дасудовага расьсьледаваньня справы аб кантрабандзе цыгарэт з выкарыстаньнем паветраных балёнаў зь Беларусі і аб спрыяньні іншай дзяржаве ў дзеяньнях супраць Літвы. У справе фігуруюць 28 чалавек.
Паветраныя балёны ствараюць праблемы для цывільнай авіяцыі ў Літве. У пачатку 2026-га і ў канцы 2025 году кантрабандныя балёны зь Беларусі больш за 10 разоў парушалі дзейнасьць літоўскіх аэрапортаў.
Летась 31 кастрычніка Аляксандар Лукашэнка заявіў, што перапраўкай цыгарэт на паветраных балёнах займаюцца літоўскія грамадзяне. Ён дадаў, што ня бачыць парушэньня ў дзеяньнях беларускіх «бандзюгаў», бо яны ня скралі цыгарэты, а купілі іх на фабрыцы, каб прадаць з выгадай.
У сярэдзіне сьнежня 2025 ўрад Літвы абвясьціў рэжым надзвычайнай сытуацыі. Літоўскія палітыкі лічаць «нашэсьце» кантрабандысцкіх балёнаў гібрыднай атакай Менску.
Закрыцьцё пераходаў на мяжы Літвы і Беларусі
- 8 жніўня 2023 году Літва закрыла пункты пропуску Шумск (з боку Беларусі Лоша) і Цьверач (Відзы), 1 сакавіка 2024-га — Лаварышкі (Катлоўка) і Райгорад (Прывалка). На мяжы зь Беларусьсю працягвалі працаваць два памежныя пераходы — Меднікі (Каменны Лог) і Салечнікі (Беняконі).
- Урад Літвы 27 кастрычніка 2025 году зусім закрыў мяжу зь Беларусьсю на месяц пасьля таго, як некалькі разоў вымушана прыпынялася праца аэрапортаў у Вільні і Коўне з прычыны зьяўленьня паблізу іх аэрастатаў, якія ляцелі зь Беларусі, несучы цыгарэты.
- Улады Беларусі ў адказ 31 кастрычніка забаранілі літоўскім грузавікам выяжджаць цераз польскую і латвійскую мяжу.
- 10 лістапада на загад Аляксандра Лукашэнкі ўсе літоўскія фуры, якія знаходзяцца ў Беларусі, сабралі на адмысловых пляцоўках і ўзялі пад ахову з выстаўленьнем рахункаў — 120 эўра на содні. Паводле Лукашэнкі, фураў было больш за 1100.
- 10 лістапада Вільня зьвярнулася да Менску з просьбай дазволіць выезд грузавікоў сваіх кампаніяў у Літву. Менск адмовіў.
- Вільня марна спрабавала вярнуць транспарт шляхам кантактаў на ведамасным узроўні. Беларусь прапанавала Літве або скасаваць рашэньне аб закрыцьці мяжы, або выйсьці на палітычна-дыпляматычнае разьвязаньне праблемы.
- 19 лістапада ўрад Літвы вырашыў, што закрытыя ў кастрычніку два пункты пропуску на мяжы Літвы і Беларусі Меднікі і Салечнікі адкрыюцца з 20 лістапада. Перад гэтым прэмʼер-міністарка Інга Ругінене заявіла, што апошнім часам паветраных балёнаў з кантрабандавымі цыгарэтамі стала меней.
- Аднак пасьля таго як урад Літвы зноў адкрыў мяжу, Віленскі аэрапорт зноў некалькі разоў закрывалі з прычыны аэрастатаў зь Беларусі, а літоўскім фурам па-ранейшаму не даюць выехаць у Літву. Беларускі бок патрабуе ад Вільні пачатку палітычных перамоваў.