Жонка Аляксандра Мілінкевіча Іна Кулей напісала пра тое, што ейны муж застаецца ў шпіталі, і за апошні месяц ён пабыў як у ізаляцыйнай палаце, так і ў інфэкцыйным аддзяленьні. Там яму дапамагалі фізыятэрапэўты. Больш за тое — адна доктарка была беларускай, таму Мілінкевіч у лякарні чуў беларускую мову.
На гэты момант Мілінкевіч размаўляе толькі шэптам, і родныя ня могуць разабраць некаторых ягоных словаў. Праўда, можна чытаць па вуснах — у час працэдураў яму пагалілі вусы і бараду, яны толькі адрастаюць.
«Пакуль муж — ляжачы хворы. Ён спрабуе сесьці, але ўтрымаць гэты стан цяжка, цягліцы слабыя. У яго рухаецца ўсё, акрамя левай рукі, яна чуйная, але пакуль амаль нерухомая. Зь ім можна камунікаваць — дзе словамі, дзе жэстамі, дзе вачыма. Аляксандар слухае падкасты і інтэрвію, мы пераказваем яму навіны, паказваем відэа і фота».
Іна Кулей паведаміла, што працэс адужваньня мужа, хоць паволі, але ідзе. Сям’я разумее, што рэабілітацыя будзе складанай і доўгатэрміновай.
Пры гэтым Вольны беларускі ўнівэрсытэт працягвае працу, Мілінкевіч застаецца ягоным канцлерам. Ва ўнівэрсытэце распрацоўваюць новыя кірункі і курсы, а на пасаду акадэмічнага дырэктара запрасілі Пётру Рудкоўскага, доктара філязофскіх навук.
Форум