Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У школе ў Канадзе адбылася страляліна, вядома пра 10 ахвяр

Машына паліцыі паблізу месца здарэньня ў Канадзе
Машына паліцыі паблізу месца здарэньня ў Канадзе

Масавая страляніна адбылася ў школе і яшчэ ў адным месцы ў Брытанскай Калюмбіі ў Канадзе.

Інцыдэнт 10 лютага — адзін з самых трагічных выпадкаў з масавымі ахвярамі ў найноўшай гісторыі Канады. Дзесяць чалавек, у тым ліку асоба, якая страляла, загінулі пасьля таго, як нападнік адкрыў агонь у сярэдняй школе на захадзе Канады ў аўторак 10 лютага, піша Reuters.

Шэсьць чалавек знайшлі мёртвымі ў сярэдняй школе ў горадзе Тамблер-Рыдж у Брытанскай Калюмбіі, яшчэ два чалавекі былі знойдзены мёртвымі ў доме, які, як мяркуецца, зьвязаны з інцыдэнтам, а яшчэ адзін чалавек памёр па дарозе ў шпіталь, паведаміла канадзкая паліцыя. Яшчэ прынамсі два чалавекі былі шпіталізаваныя з сур’ёзнымі або небясьпечнымі траўмамі, і да 25 чалавек праходзілі лячэньне ад траўмаў, якія не пагражаюць жыцьцю, паведаміла паліцыя.

Паводле паліцыі, падазраваны ў стральбе таксама быў знойдзены мёртвым, імаверна, гэта было самазабойства. Паліцыя дадала, што яны ня вераць, што ёсьць яшчэ падазраваныя альбо існуе пагроза для насельніцтва.

Паліцыя амаль не апублікавала ніякіх падрабязнасьцей пра стралка, акрамя таго, што чалавек быў апісаны як жанчына. Паліцыя не паведаміла, колькі ахвяр маглі быць непаўналетнімі.

Тамблер-Рыдж, дзе адбылося здарэньне, — аддалены муніцыпалітэт з насельніцтвам каля 2400 чалавек у перадгорʼях Скалістых гор на поўначы Брытанскай Калюмбіі, прыкладна за 1155 км на паўночны ўсход ад Ванкувэра. У сярэдняй школе Тамблер-Рыдж навучаецца 160 вучняў з 7 па 12 клясы, ва ўзросьце ад 12 да 18 гадоў, паведамляецца на яе вэб-сайце.

У сувязі з гэтым прэмʼер-міністар Канады Марк Карні адклаў заплянаванае на сераду ў Галіфаксе абвяшчэньне новай стратэгіі абароннай прамысловасьці і сваю паездку ў Нямеччыну на Мюнхенскую канфэрэнцыю па бясьпецы, паведаміў прадстаўнік прэмʼер-міністра.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG