Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналіста ўкраінскай Свабоды ўзнагародзілі за ўратаваньне дзіцяці

Мар'ян Кушнір
Мар'ян Кушнір

Пра ўзнагароды двум героям, якія ўратавалі дзяцей пры двух расейскіх нападах, паведаміў 3 лютага прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі.

Журналіст украінскай службы Радыё Свабода, франтавы карэспандэнт Мар’ян Кушнір і сяржант 93-й асобнай мэханізаванай брыгады «Халодны Яр» Уладзіслаў Ражкоўскі ўзнагароджаныя ордэнам Мужнасьці.

«Сяржант 93-й асобнай мэханізаванай брыгады „Халодны Яр“ Уладзіслаў, пазыўны Амар, выратаваў людзей пасьля нападу расейскіх тэрарыстаў з дапамогай ударных бесьпілётнікаў на пасажырскі цягнік у Харкаўскай вобласьці. Уладзіслаў быў адным з больш чым 200 пасажыраў цягніка. Адразу пасьля абстрэлу ён пачаў дапамагаць людзям эвакуавацца і аказваў мэдыцынскую дапамогу ўсім, хто меў у ёй патрэбу.

Вайсковы карэспандэнт Радыё Свабода Мар’ян Кушнір змог выратаваць чатырохгадовае дзіця з кватэры, ахопленай полымем у выніку ўдару расейскіх бесьпілётнікаў па Кіеўшчыне», — гаворыцца ў тлумачэньні да ўзнагароды.

Зяленскі падзякаваў Уладзіславу Ражкоўскаму і Мар’яну Кушніру «за іх клопат і абарону жыцьцяў — як на фронце, так і ў тыле».

«Менавіта дзякуючы такім людзям наша краіна трымаецца і змагаецца з ворагам», — падкрэсьліў украінскі прэзыдэнт.

Журналіст і франтавы карэспандэнт Радыё «Свабода» Мар’ян Кушнір выратаваў 4-гадовую дзяўчынку, ён вынес яе на руках з кватэры ў Белагародцы пад Кіевам, калі туды ўпаў расейскі бесьпілётнік. Маці дзяўчынкі і мужчына, зь якім яна жыла, загінулі. Дзіця ў бясьпецы, яе забралі 20-гадовы старэйшы брат і яго бацька, былы муж загінулай.

Сяржант Уладзіслаў Ражкоўскі ехаў у цягніку Барвінкава — Львоў — Чоп, які 27 студзеня быў атакаваны расейскімі бесьпілётнікамі. Адзін з «шахедаў» трапіў у вагон з пасажырамі. Салдат эвакуяваў пасажыраў зь месца ўдару, у тым ліку маці і немаўля.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG