26 студзеня ў Пінску праз тры дні пошукаў знайшлі 15-гадовага Багдана Юнчыка. Ён пайшоў з дому ў Парахонску 23 студзеня. Увесь гэты час падлетка шукалі міліцыя, ратаўнікі, валянтэры, мясцовыя жыхары і добраахвотнікі з выкарыстаньнем адмысловага абсталяваньня, бесьпілётнікаў і квадрацыклаў. Яны прачэсвалі жылыя і закінутыя будынкі, падвалы, багністыя мясьціны і лес непадалёк ад аграгарадка, дзе зьнік Багдан.
Хлопчыка дапамаглі знайсьці дзякуючы пільнасьці 36-гадовай жыхаркі Пінску, якая пазнала яго з арыентыроўкі.
Як патлумачыў сам Багдан, пасьля сваркі з бацькам-выхаваўцам у доме сямейнага тыпу ён пакрыўдзіўся і вырашыў сысьці. Падлетак сеў на дызэльны цягнік да Пінску, дзе і быў увесь гэты час — удзень ён хадзіў па вуліцах, спрабуючы пазьбягаць людных месцаў і міліцыянтаў, а ночы правёў у закінутых будынках. Пакрыўджаны падлетак ня меў намеру вяртацца дадому.
Маладога чалавека агледзелі лекары, ягоны стан ацанілі як здавальняючы.
Валянтэр з пошукава-ратавальнай групы «Віцязь» паведаміў журналістам, што Багдан ніколі раней не ўцякаў з дому. Ён добра вучыцца і займаецца спортам.
На пытаньне, ці быў падлетак уцягнуты ў якія-небудзь канфлікты перад зьнікненьнем, валянтэр адказаў, што быў спрэчка з-за тэлефону.
Форум