Сустрэча Пантыфіка з пасламі, акрэдытаванымі пры Сьвятым Пасадзе, адбываюцца штогод. Для Льва XIV гэта быў першы такі вопыт пасьля абраньня папам, паведамляе Vatican News.
У сваёй прамове Папа асабліва вылучыў прысутнасьць новых кіраўнікоў місій з рэзыдэнцыяй у Рыме, сярод якіх назваў прадстаўніка Беларусі.
«Я дзякую дзяржаўным органам за іх рашэньне адкрыць у Рыме дыпляматычныя прадстаўніцтвы пры Сьвятым Пасадзе. Гэта адчувальны знак добрых і плённых двухбаковых адносін», — сказаў ён.
Амбасадар Беларусі пры Сьвятым Пасадзе Юрый Амбразевіч уручыў даверчыя граматы Льву XI 21 чэрвеня. Пасьля свайго прызначэньня амбасадарам пры Сьвятым Пасадзе Юрый Амбразевіч заявіў, што Беларусь «зыходзіць з таго, што гэта дазволіць умацаваць яе пазыцыі» ў многіх краінах.
Амбразевіч — раней намесьнік кіраўніка МЗС. 22 траўня ён дадаткова атрымаў паўнамоцтвы амбасадара пры Суверэнным вайсковым ордэне Шпітальераў сьвятога Іаана Іерусалімскага, Радоса і Мальты, пастаяннага прадстаўніка пры Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі ААН ды іншых міжнародных арганізацыях у Рыме, а таксама пастаяннага прадстаўніка пры UNESCO.
Форум