Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Смалявіцкім раёне перакулілася маршрутка. Трое ў шпіталі

Аварыя з маршруткай пад Смалявічамі 27 траўня
Аварыя з маршруткай пад Смалявічамі 27 траўня

27 траўня маршрутка, якая ехала з Смалявічаў у Менск, на 10-м кілямэтры трасы Р53 урэзалася ў агароджу і перакулілася.

Кіроўцу і дваіх пасажыраў шпіталізавалі з траўмамі, чатырох пасажыраў адпусьцілі пасьля мэдычнага агляду. Яшчэ трое пасажыраў не пацярпелі, паведаміў тэлеграм-канал МУС.

Тыдзень таму, 20 траўня, у аварыі з маршруткай у Горадні пацярпелі сем чалавек, нагадвае «Позірк».

12 лютага ў Менску ў маршрутку, якая стаяла, урэзаўся ГАЗ. Пяць чалавек трапілі ў шпіталь з траўмамі.

19 студзеня маршрутка вылецела з трасы па дарозе ў Мачулішчы. Сем чалавек, у тым ліку 11-гадовае дзіця, трапілі ў шпіталь.

29 сьнежня ў Жыткавіцкім раёне сутыкнуліся BMW і маршрутка. Шпіталізавалі 11 чалавек, у тым ліку 8-гадовае дзіця.

16 сьнежня на Валожыншчыне 66-гадовы кіроўца маршруткі, якога ўжо прыцягвалі да адказнасьці за парушэньні больш як сорак разоў, зьехаў у кювэт. Аўтамабіль перакуліўся. Траўмы атрымалі 8 чалавек.

У Беларусі штогод адбываецца ад 7000 да 8000 ДТЗ, пры гэтым за год гінуць 1,5–2 тысячы чалавек, некалькі тысяч атрымліваюць траўмы.


Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG