Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ахвярамі абстрэлаў ва Ўкраіне і Расеі летась сталі 2600 мірных жыхароў, больш за 14 тысяч параненыя, — даклад CIT

Ілюстрацыйнае фота. Накрытыя целы загінулых у выніку расейскага ўдару па Палтаве, 1 лютага 2025 году
Ілюстрацыйнае фота. Накрытыя целы загінулых у выніку расейскага ўдару па Палтаве, 1 лютага 2025 году

У 2024 годзе ў выніку баявых дзеяньняў, перш за ўсё ўдараў па грамадзянскай інфраструктуры, на тэрыторыі Ўкраіны і Расеі загінулі сама меней 2600 цывільных, больш за 14 тысяч чалавек былі паранены. Такія зьвесткі ўтрымліваюцца ў дакладзе «Ахвяры сярод мірнага насельніцтва ад абстрэлаў у 2024 годзе», падрыхтаваным расьсьледніцкай групай Conflict Intelligence Team (CIT).

Падлікі заснаваныя на зводках пра абстрэлы грамадзянскай інфраструктуры, якія зьбіраюць валянтэры групы і ў якіх штодня фіксуецца інфармацыя пра ахвяраў і пацярпелых сярод мірнага насельніцтва. У зводкі ўваходзяць ахвяры ракетных і бомбавых удараў, абстрэлаў з рэактыўнай і ствольнай артылерыі, а таксама нападаў бесьпілётнікаў і падрываў на мінах.

CIT падкрэсьлівае, што пры зборы інфармацыі арыентуецца ў першую чаргу на заявы афіцыйных асобаў і на пацьверджаныя адкрытыя дадзеныя. Акрамя таго, дасьледчыкі не ўлічвалі ўдары, відавочна нанесеныя па ваенных аб’ектах, нават калі ў іх выніку гінулі цывільныя.

Паводле падлікаў CIT:

  • 1915 мірных жыхароў, сярод якіх 81 дзіця, загінулі ў выніку абстрэлаў на падкантрольнай уладам Украіны тэрыторыі краіны.
  • 452 чалавекі, сярод якіх 20 дзяцей, загінулі на тэрыторыі Ўкраіны, падкантрольнай Расеі.
  • 233 чалавекі загінулі ад абстрэлаў на тэрыторыі Расеі, сярод іх 14 дзяцей.

Раненьні і траўмы на расейскай тэрыторыі за 2024 год атрымалі больш за 1600 чалавек, на тэрыторыі Ўкраіны — больш за 12 500 (у тым ліку больш за 2300 — на акупаваных Расеяй тэрыторыях).

Паколькі валянтэры пачалі зьбіраць інфармацыю толькі ў канцы 2023 году, параўнаць гэтыя лічбы з больш раньнімі зьвесткамі немагчыма. Паводле зьвестак ААН, агулам з пачатку расейскага шырокамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну загінулі больш за 12 тысяч мірных жыхароў — гэтыя зьвесткі няпоўныя, адзначаюць у ААН.

Найбольш сьмяротным, гаворыцца ў паведамленьні CIT, стаў масіраваны ракетны ўдар па Кіеве раніцай 8 ліпеня, калі ў тым ліку пацярпела дзіцячая бальніца «Ахматдзет». Тады загінулі 34 чалавекі, яшчэ 121 чалавек атрымаў раненьні.

На тэрыторыі Расеі загінулыя і пацярпелыя ў 2024 годзе ў выніку ўкраінскіх удараў былі ў 16 рэгіёнах. Пераважная большасьць загінулых і параненых — жыхары Белгарадзкай вобласьці.

Ва Ўкраіне больш за ўсё загінулых у Данецкай, Харкаўскай і Херсонскай абласьцях, у якіх вядуцца актыўныя баявыя дзеяньні. Асабліва ў Херсонскай вобласьці: там, як сьцьвярджаецца ў дакладзе CIT, расейскія вайскоўцы ўжываюць дроны пры ўдарах па мірных жыхарах і «ўладкоўваюць паляваньне на безабароннае мірнае насельніцтва».

Як канстатуе CIT, у цэлым «за безразборным ужываньнем сілы, хоць і ў розных маштабах, прыкмечаныя абодва бакі». Абодва бакі пры гэтым заяўляюць, што наносяць удары толькі па ваенных або інфраструктурных абʼектах. У выпадках, калі відавочна вялікая колькасьць ахвяраў сярод мірных жыхароў, расейскія афіцыйныя прадстаўнікі, як правіла, сьцьвярджаюць, што гэта вынік працы ўкраінскай сыстэмы СПА.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG