Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства адукацыі забараніла сьвяткаваць выпускныя ў кавярнях


Выпускніцы, архіўнае фота
Выпускніцы, архіўнае фота

У Беларусі зноў увялі строгія правілы правядзеньня выпускных вечарынаў. Улады расьпісалі нават маршруты сустрэчы сьвітаньня і сцэнары «масавых гуляньняў».

Кансультант галоўнага ўпраўленьня выхаваўчай работы і моладзевай палітыкі Міністэрства адукацыі Тацяна Асмалоўская расказала аб правілах, якія трэба выконваць пры арганізацыі ўрачыстых мерапрыемстваў для выпускнікоў школ. Яе цытуе БелТА.

Сёлета выпускнікамі 11-х клясаў стануць больш за 55 тысяч маладых людзей, 9-я клясы заканчваюць больш за 108 тысяч. Урачыстыя мерапрыемствы «Апошні званок» для іх пройдуць 25 траўня, а выпускныя вечары з уручэньнем атэстатаў аб агульнай сярэдняй адукацыі, у тым ліку асаблівага ўзору з узнагароджаньнем залатым або сярэбраным мэдалём, адбудуцца 14 чэрвеня.

«Арганізацыя гэтых мерапрыемстваў Міністэрствам адукацыі традыцыйна рэглямэнтаваная. Праводзіць іх трэба ў памяшканьнях устаноў адукацыі — гэта, як правіла, школы. У выключных выпадках урачыстасьці могуць праводзіцца ва ўстановах культуры або ва ўстановах дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі».

У Мінадукацыі дадалі, што магчыма арганізаваць сьвята і на адкрытай пляцоўцы, але «гэта ўсё роўна павінна быць пляцоўка ўстановы адукацыі».

Праводзіць выпускныя вечарыны ў рэстаранах, кавярнях, забаўляльных цэнтрах і іншых аб’ектах забаранілі, бо «любая лякацыя правядзеньня ўрачыстага мерапрыемства знаходзіцца на кантролі і органаў упраўленьня адукацыі, і органаў унутраных спраў».

На гэты момант улады ўжо расьпісалі для выпускнікоў як правядзеньне «Апошняга званка», так і выпускнога вечара.

«Адпрацаваныя маршруты сустрэчы сьвітаньня, масавыя гуляньні ў горадзе. На ўсіх этапах у мэтах стварэньня ўмоў бясьпекі будуць забясьпечаныя дзяжурствы пэдагагічных і іншых работнікаў устаноў адукацыі. Урачыстасьці будуць праходзіць таксама ва ўзаемадзеяньні з бацькоўскімі калектывамі. Цяпер шырока абмяркоўваецца тэма зьместу мерапрыемстваў, сцэнарныя распрацоўкі. Натуральна, мы трымаем на кантролі і гэтыя моманты. Гэта і школьныя капусьнікі, і традыцыйныя конкурсы талентаў, і прэзэнтацыі кінафільмаў і кінастужак са школьных гадоў.

Таксама цікавымі складнікамі мерапрыемстваў зьяўляюцца памятныя дзеяньні ў выглядзе закладкі алеі ці капсулы памяці для выпускнікоў будучых гадоў. Гэта дазволіць падкрэсьліць сувязь выпускнікоў са школай, з пакаленьнямі іншых выпускнікоў. Вядома, у кожнай установе ёсьць свае традыцыі, свае фішачкі, гэта таксама мае месца быць», — падкрэсьліла кансультант галоўнага ўпраўленьня.

У гэтую суботу ва ўсіх школах краіны пройдуць урачыстыя лінейкі для выпускнікоў, празьвіняць апошнія званкі. Ужо ў панядзелак 11-клясьнікаў чакае новае выпрабаваньне — цэнтралізаваны іспыт. А з 3 па 10 чэрвеня адбудуцца выпускныя іспыты для навучэнцаў 9-х клясаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG