Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віце-прэм’ер: у Беларусі ёсьць «цьвёрдая замова» ад Расеі вырабіць 90 самалётаў. Дзе і калі плянуюць выпусьціць першы


Пятро Пархомчык
Пятро Пархомчык

У Беларусі плянуюць вырабіць 90 лёгкіх самалётаў «Асьвей», якія Менск распрацоўвае разам з Масквой, заявіў намесьнік прэмʼер-міністра Беларусі Пятро Пархомчык пасьля пасяджэньня сумеснай рабочай групы ў супрацоўніцтве ў расейскім Ніжнякамску.

«Невялікі самалёт — 19-месны — носіць назву „Асьвей“. Тут мы працуем разам з нашымі расейскімі партнэрамі, [цяпер] на стадыі распрацоўкі самога самалёта, — заявіў чыноўнік. — Адпаведна, мы будзем мець права вырабляць гэты самалёт. У нас сёньня ёсьць цьвёрдая замова з Расейскай Фэдэрацыі — вырабіць 50% ад лічбы 180 самалётаў у нйбліжэйшы час».

Паводле яго, працу над распрацоўваньнем самалёта цяпер «вельмі шчыльна вядуць» на 558-м авіяцыйным рамонтным заводзе ў Баранавічах (завод знаходзіцца пад заходнімі санкцыямі).

«Задача стаіць такая, каб у 2026 годзе першы досьледны ўзор, распрацаваны разам з нашымі расейскімі партнэрамі, быў зроблены», — дадаў віцэ-прэмʼер.

Паводле яго, акрамя гэтага, у Беларусь паступае «вельмі вялікая колькасьць» прапановаў з Расеі аб вытворчасьці вялікай колькасьці кампанэнтаў для авіяцыі. Гэта адзін з кірункаў, які плянуюць рэалізоўваць у рамках супрацы Менскга заводу цывільнай авіяцыі № 407 і Казанскага заводу цывільнай авіяцыі, адзначыў Пархомчык, для чаго на менскім заводзе плянуюць неўзабаве стварыць вытворчыя магутнасьці для гэтага.

Пра пляны стварэньня сумеснага з Расеяй самалёта прэмʼер-міністар Раман Галоўчанка паведаміў у ліпені 2023 году. У жніўні Пархомчык заявіў, што Беларусь у супрацоўніцтве з РФ плянуе пачаць вытворчасьць лёгкіх 12-месных самалётаў мадэлі ЛМС-401. Пасьля праект самалёта пачалі называць «Асьвей», зьмянілася і заяўленая зьмяшчальнасьць самалётаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG