Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вядомыя беларускі ўзялі ўдзел ў міжнароднай акцыі «Джынсавы дзень» у падтрымку ахвяраў сэксуалізаванага гвалту


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Так званы «Джынсавы дзень» (Дзень дэніму) праходзіць у сьвеце ў апошнюю сераду красавіка, месяца абазнанасьці пра сэксуальныя дамаганьні. У гэты дзень людзей заклікаюць насіць рэчы з дэніму ў знак барацьбы з абвінавачаньнямі ахвяраў сэксуальнага гвалту й дамаганьняў і для павышэньня інфармаванасьці навакольных пра існаваньне праблемы.

Акцыя ўзьнікла з нагоды вядомага італьянскага судовага выпадку, у рамках якога адказнасьць за згвалтаваньне перанесьлі на пацярпелую з прычыны адзеньня, якое яна насіла (джынсы).

Прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў сацыяльнай палітыцы і ініцыятарка службы «Адно вакно» Вольга Гарбунова напярэдадні заклікала далучыцца да акцыі: апублікаваць у сацсетках сваю фатаграфію ў джынсах з хэштэгамі кампаніі #джынсавыдзень і #denimdaybelarus, а таксама словы падтрымкі для пацярпелых ад сэксуалізаванага гвалту, сваю гісторыю, парады, якімі словамі лепш падтрымліваць пацярпелых, і/ці падзяліцца кантактамі службы для зваротаў. «Не вінаваць, а падтрымлівай» — такі галоўны пасыл гэтага флэшмобу.

Сёлета ўдзел у акцыі пад хэштэгамі #джынсавыдзень #denimdaybelarus узялі і вядомыя беларускі — журналісткі Марыя Грыц, Аляксандра Раманава і Кацярына Пытлева, моўная актывістка Аліна Нагорная, палітоляг Роза Турарбекава ды іншыя.

Аліна Нагорная, архіўнае фота
Аліна Нагорная, архіўнае фота

«Неяк мяне замкнулі ў прыбіральні і згвалтавалі, праз гэта я спазьнілася дадому. Дома я расказала, што адбылося, і ў выніку мне прыляцела ня толькі за спазьненьне, а яшчэ і за кофту з дэкальтэ. Менавіта пасьля гэтага выпадку я доўгі час абвінавачвала сябе за гэтую кофту і толькі нядаўна прапрацавала гэта і зразумела, што самай вялікай траўмай таго дня, што ўплывала на цяперашняе жыцьцё, была менавіта траўма непадтрымкі. Бо гэта быў мой ня першы выпадак згвалтаваньня, але першы, пра які я здолела адразу сказаць», — падзялілася Аліна Нагорная.

Роза Турарбекава
Роза Турарбекава

«Маім гісторыям ужо больш за 25 гадоў, але я памятаю напады ў падрабязнасьцях. Гэта значыць, траўма жыве ўсярэдзіне. Я памятаю гэты страх, калі ўцякала ўвечары ад мужчыны, які спачатку стукнуў мяне па галаве проста ў аўтобусе, а потым выйшаў за мной на прыпынку і пабег за мной. Я добра бегаю і пасьпела дабегчы да сваёй хаты. Гэтыя пачуцьці я ніколі не забуду», — напісала Роза Турарбекава.

Журналістка Кацярына Пытлева расказала сваю гісторыю.

Кацярына Пытлева
Кацярына Пытлева

«Пра Джынсавы дзень я даведалася нядаўна, і мяне да глыбіні душы абурыла гісторыя зьяўленьня гэтай акцыі — калі гвалтаўніка ледзь не апраўдалі за тое, што ахвяра была ў вузкіх джынсах (гэта значыць, нібыта ён ня мог іх зь яе зьняць безь яе згоды). Калі ля твайго горла нож ці яго сьціскаюць моцныя рукі нападніка, усялякае бывае. Але калі джынсы засталіся цэлыя, гэта ня значыць, што нічога страшнага не адбылося.

Але гэты дзень ня толькі пра гэта, ён яшчэ і пра тое, што так, ахвяра нападу можа быць у джынсах (або любым іншым адзеньні), якое зусім не правакуе, як любяць гаварыць адэпты сэкты „сама вінаватая“», — напісала Кацярына Пытлева ў сваім Фэйсбуку.

У сваім пасьце яна падзялілася, што ў яе жыцьці былі «два страшныя выпадкі нападу», падкрэсьліўшы, што ў ніводным зь іх яна «не правакавала, ні дэманстравала даступнасьць ці нешта падобнае».

«І, што важна, абодва разы мяне ратавалі выпадковыя мінакі. Таму не заставайцеся ўбаку, калі вы сталі сьведкам нападу, калі ласка», — напісала журналістка.

Таксама яна заклікала ўсіх падтрымліваць ахвяраў сэксуальнага гвалту.

«Я ведаю, што такое не вінаваціць, а падтрымліваць пацярпелых ад сэксуалізаванага гвалту. А вы?» — скончыла журналістка свой пост.

У 1992 годзе ў Італіі 18-гадовую дзяўчыну згвалтаваў яе інструктар па ваджэньні пасьля першага ж уроку. Яна расказала, што 45-гадовы інструктар завёз яе ў глухую мясцовасьць, прымусіў выйсьці з машыны, сілком зьняў зь яе джынсы, згвалтаваў і прыгразіў, што заб’е яе, калі камусьці пра гэта раскажа. Дзяўчына адразу паведаміла пра тое, што здарылася, бацькам і паліцыі.

Першапачаткова гвалтаўніка прызналі вінаватым у непрыстойных паводзінах, але пасьля абскарджаньня абвінаваўчы прысуд вынесьлі згвалтаванай дзяўчыне: гвалтаўнік зьвярнуўся ў касацыйны суд, які адмяніў рашэньне з прычыны таго, што дзяўчына насіла вузкія джынсы і такім чынам нібыта «ўдзельнічала ў згвалтаваньні». «Джынсавае алібі» палягала ў тым, што гвалтаўнік мог зьняць такія джынсы, толькі калі дзяўчына дапамагала яму ў гэтым, а значыць, паміж імі была згода. У далейшым гэтае рашэньне было перагледжана.

Указаньне на тое, што выбар адзеньня жанчынамі можа азначаць сэксуальную згоду, выклікала масавае абурэньне і пратэст. На наступны дзень пасьля прыняцьця рашэньня дэпутаткі парлямэнту Італіі выказалі пратэст, надзеўшы джынсы і трымаючы плякаты з надпісам «Джынсы: алібі на згвалтаваньне»; у акцыі ня ўзяў удзелу ніводзін мужчына-парлямэнтар.

Па матывах гэтых падзеяў у 1999 годзе ў Лос-Анджэлесе арганізавалі Дзень дэніму, які стаў штогадовай і міжнароднай акцыяй.

  • Беларусы сталі актыўна абмяркоўваць праблему сэксуальнага гвалту пасьля таго, як у канцы лютага ў цэнтры Варшавы на беларуску Лізавету напаў мужчына, прыставіў ёй да шыі нож, сілай адцягнуў да суседняй брамы, дзе зьбіў і згвалтаваў.
  • Пасьля нападу Лізавета знаходзілася ў цяжкім стане ў рэанімацыйным аддзяленьні шпіталя, была без прытомнасьці на апараце штучнай вэнтыляцыі лёгкіх. Нягледзячы на ўсе намаганьні дактароў, 1 сакавіка яна памерла. Яе пахавалі 14 сакавіка на Паўночных могілках Варшавы.
  • Пра трагедыю ў сацсетках выказваліся вядомыя палітыкі, журналісты і актывісты. У сацыяльных сетках пачалася акцыя #хопіцьгвалціць — пад гэтым цэтлікам людзі дзяліліся сваімі гісторыямі і развагамі пра сэксуальны гвалт.
  • Здарэньне ўразіла ня толькі суайчыньнікаў загінулай беларускі, але і грамадзян іншых краін. У галоўных польскіх СМІ тэма сьмяротнага згвалтаваньня Лізаветы штодня была адной з асноўных.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG