Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За аварыю з маршруткай пад Смалявічамі, у якой загінулі 13 чалавек, асудзілі інжынэра Менскага аблаўтатрансу


Вынікі лабавога сутыкненьня самазвалу з маршруткай Смалявічы – Менск у лютым 2023-га. Архіўнае фота
Вынікі лабавога сутыкненьня самазвалу з маршруткай Смалявічы – Менск у лютым 2023-га. Архіўнае фота

Суд у Жодзіне асудзіў галоўнага інжынэра аднаго зь філіялаў ААТ «Мінаблаўтатранс» на 2 гады калёніі-пасяленьня — ён дапусьціў да ўдзелу ў дарожным руху няспраўны МАЗ, што ўрэзаўся ў маршрутку ў Смалявіцкім раёне ў лютым 2023 году, паведамляе прэс-служба Вярхоўнага суду.

Акрамя гэтага, рашэньнем суду яго абавязалі выплаціць МНС 203 рублі 74 капейкі і 80 рублёў у лік кампэнсацыі матэрыяльнай шкоды, а таксама на 5 гадоў забаранілі яму займаць пасады, зьвязаныя з выкананьнем арганізацыйна-распарадчых абавязкаў.

Галоўнага інжынэра прызналі вінаватым паводле артыкула аб службовай халатнасьці, якая пацягнула за сабой па неасьцярожнасьці сьмерць чалавека (ч. 2 арт. 428 Крымінальнага кодэксу Беларусі).

У судзе ён сваю віну не прызнаў.

Паседжаньне па справе прайшло 5 красавіка, але яго вынікі сталі вядомыя толькі цяпер.

Паводле матэрыялаў справы, асуджаны ня спраўдзіў належным чынам тэхнічны стан самазвала МАЗ перад рэйсам. У выніку ў дзень аварыі 20 лютага 2023 году самазвал МАЗ выехаў на маршрут зь няспраўнасьцю хадавой часткі, выехаў на сустрэчную паласу на дарозе Смалявічы — Шацак і сутыкнуўся з маршруткай. У выніку аварыі загінулі 13 чалавек, яшчэ 7 атрымалі цяжкія цялесныя пашкоджаньні, гаворыцца ў паведамленьні прэс-службы.

Асуджаны працаваў галоўным інжынэрам з 12 траўня 2021 па 20 лютага 2023 году.

  • 20 лютага 2023 году на дарозе Смалявічы — Шацак самазвал МАЗ сутыкнуўся з маршруткай. На месцы загінулі 11 чалавек, яшчэ двое памерлі пазьней у шпіталі.
  • Раней кіроўцу грузавога аўтамабіля асудзілі ў гэтай справе на 7 гадоў калёніі.
  • Паводле рашэньня суду сваякам загінулых у ДТЗ пад Смалявічамі мусяць выплаціць звыш 2,5 млн рублёў кампэнсацыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG