Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Эўразьвязе расказалі, колькі беларусаў папрасілі прытулку ў 2023 годзе і колькі яго атрымалі


Ілюстрацыйнае фота. Беларусы на акцыі салідарнасьці з Украінай у другую гадавіну вайны. 24 лютага 2024 году
Ілюстрацыйнае фота. Беларусы на акцыі салідарнасьці з Украінай у другую гадавіну вайны. 24 лютага 2024 году

У 2023 годзе 5616 беларусаў падалі заяўку на атрыманьне міжнароднай абароны ў 27 краінах Эўразьвязу, а таксама Швайцарыі і Нарвэгіі. Зь іх амаль 5180 чалавек зрабілі гэта ўпершыню.

Такія лічбы прыводзіць Агенцтва ЭЗ у пытаньнях прытулку.

Зь іх міграцыйныя ўлады 27 краін – сяброў ЭЗ, Швайцарыі і Нарвэгіі разгледзелі 4299 заявак ад беларусаў. Станоўчыя рашэньні былі вынесеныя ў 81% выпадкаў, гэта значыць, што прытулак у Эўразьвязе атрымалі 3482 чалавекі. 2945 заявак беларусаў яшчэ знаходзяцца на разглядзе.

Часьцей за ўсё беларусы зьвярталіся па міжнародную абарону да ўладаў Польшчы, Нямеччыны і Літвы.

Пасьля 2020 году колькасьць беларусаў, якія зьвяртаюцца падаюць заяўкі на атрыманьне міжнароднай абароны, вырасла ў разы: у 2019-м колькасьць першых заявак на прытулак у ЭЗ не перавышала тысячы, у 2023-м яна ўпершыню дасягнула 5 тысяч.

Агулам краіны ЭЗ, Швайцарыя і Нарвэгія ў 2023 годзе атрымалі 1,14 мільёна заяваў на наданьне міжнароднай абароны (на 18% больш, чым у 2022 годзе). Пры гэтым у сярэднім толькі 43% гэтых заявак задаволілі, тым ня менш гэта самы вялікі паказчык за апошнія 7 гадоў. Больш за ўсё заяваў падалі грамадзяне Сырыі, другая па велічыні група заяўнікаў — афганцы. Да канца году павялічылася колькасьці заяваў ад палестынцаў.

Нямеччына працягвала атрымліваць найбольшую колькасьць заявак у абсалютным вымярэньні (334 тысячы), а пад найбольшым ціскам у параўнаньні з колькасьцю насельніцтва знаходзіўся Кіпр (12 тысяч заяваў аб прытулку).

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG