Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справу супраць беларуса, затрыманага ва Ўкраіне «за плянаваньне дывэрсіі супраць энэргетыкі», накіравалі ў суд


У часе затрыманьня грамадзяніна Беларусі. Фота Службы бясьпекі Ўкраіны
У часе затрыманьня грамадзяніна Беларусі. Фота Службы бясьпекі Ўкраіны

Супрацоўнікі пракуратуры Ровенскай вобласьці Ўкраіны накіравалі ў суд абвінаваўчае заключэньне ў дачыненьні да грамадзяніна Беларусі па фактах дывэрсіі і ўдзелу ў тэрарыстычнай арганізацыі (ч. 1 арт. 14, ч. 2 арт. 113, ч. 1 арт. 258-3 КК), паведамляе Офіс генпракурора Ўкраіны.

Паводле артыкула 113 і ч. 1 артыкула 258-3 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны яму пагражае да 15 гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй або без канфіскацыі маёмасьці. Ягонае прозьвішча пакуль не вядомае.

Паводле матэрыялаў справы, «абвінавачаны, будучы завэрбаваным агентам спэцслужбаў РФ», сёлета ў студзені «незаконна перасек мяжу Ўкраіны, каб падрыхтаваць дывэрсію па заданьні свайго куратара». Ён павінен быў усталяваць GPS-трэкеры на аб’ектах энэргетычнай інфраструктуры, каб Узброеныя сілы Расеі «атрымалі дакладныя каардынаты гэтых аб’ектаў для далейшага нанясеньня ўдараў». Гэта прывяло б да абясточваньня сталіцы і часткі Кіеўскай вобласьці, гаворыцца ў паведамленьні Офісу генпракурора Ўкраіны.

Пра затрыманьне СБУ паведаміла 15 студзеня. Паводле сьледчых, грамадзяніна Беларусі затрымалі непадалёк ад гораду Сарны, каля адной з апораў лініі электраперадач магутнасьцю 750кВ, якая зьвязвае Ровенскую АЭС з падстанцыяй «Кіеўская». Адтуль да Ровенскай АЭС прыблізна 70 км, гэтая лінія электраперадач выконвае функцыю «выдачы» энэргіі з Ровенскай АЭС у аб’яднаную энэргасыстэму Ўкраіны. Пры сабе мужчына нібыта меў неабходнае абсталяваньне для дывэрсіі, а для прыкрыцьця выкарыстоўваў падроблены пашпарт грамадзяніна Ўкраіны, паведамілі ў СБУ.

У матэрыялах справы адзначаецца, што затрыманы нарадзіўся ў Расеі, зьяўляецца прыхільнікам ідэі «русского мира» і добраахвотна пагадзіўся на супрацу з прадстаўнікамі дзяржавы-агрэсаркі.

Паводле СБУ, цягам 2014–2017 гадоў ён ваяваў у складзе незаконных узброеных фармаваньняў у так званых «ЛДНР», а пасьля пачатку поўнамаштабнага расейскага ваеннага ўварваньня ў 2022 годзе падпісаў кантракт з прыватнай вайсковай кампаніяй «Вагнэр». У складзе ПВК «Вагнэр» ён штурмаваў Бахмут, а потым вярнуўся ў Беларусь, дзе, як сьцьвярджаюць у СБУ, і атрымаў заданьне ад свайго расейскага куратара.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG