Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладальнік «Legion 104» адмаўляе датычнасьць кампаніі да зьяўленьня выступу Ціханоўскай


Кадр з трансьляцыі выступу Сьвятланы Ціханоўскай на больш як 2000 экранах у Беларусі.
Кадр з трансьляцыі выступу Сьвятланы Ціханоўскай на больш як 2000 экранах у Беларусі.

Уладальнік кампаніі «Legion 104» Андрэй Смаляк сказаў выданьню «Медиазона», што сапраўды выехаў 24 лютага ў Варшаву. Датычнасьць як сваю, так і кампаніі да зьяўленьня выступу Сьвятланы Ціханоўскай на публічных экранах ён адмаўляе.

«Працуючы над праектам з 2015 году і патраціўшы на яго велізарную колькасьць сіл і рэсурсаў, мы не маглі сабе дазволіць нешта падобнае», — сказаў Андрэй Смаляк.

Ён дадаў, што зь Менску выехаў на свой юбілей.

«25 лютага мне споўнілася 50 гадоў. Я ехаў адзначыць юбілей са сваякамі, якія вучацца ў Варшаве. 1 сакавіка я павінен быў вярнуцца ў Менск. Але пры такім раскладзе я магу вярнуцца толькі на Акрэсьціна і надоўга, таму шлях на радзіму мне закрыты», — кажа Смаляк.

Па яго словах, пра ўзлом яму паведамілі калегі. У гэты момант ён быў ужо на нэўтральнай паласе, пасьля перасячэньня мяжы на аўтобусе зь Менску ў Варшаву. Смаляк патлумачыў, што адбыўся ўзлом сэрвісу кампаніі, празь які змаглі атрымаць доступ да ўсіх экранаў кліентаў кампаніі.

«Мы адсачылі лічбавы сьлед на нашых сэрвэрах, уваход быў зь нямецкага IP, магчыма, з выкарыстаньнем VPN», — сказаў Смаляк.

Кіраўнік «Legion 104» дадаў, што па факце ўзлому сілавікі завялі крымінальную справу. Супрацоўнікі кампаніі цяпер пад ударам.

«Кампанію трасуць не па-дзіцячы. Пэўна: гэта фінал. Цяпер я ў Польшчы зь сям’ёй на найманай кватэры, у кішэні — 900 даляраў. У мяне нічога не засталося. Але я хаця б на волі. Мае калегі ўсё пад ударам», — кажа Смаляк.

24 лютага трансьляцыю выступу Сьвятланы Ціханоўскай запусьцілі на больш як 2000 экранах у Беларусі. Сілавікі адсправаздачыліся аб затрыманьнях.

Беларусы маглі назіраць выступ Сьвятланы Ціханоўскай на экранах, разьмешчаных у мэтро, гандлёвых цэнтрах ды іншых публічных месцах. Акцыю арганізавала аб’яднаньне былых сілавікоў BelPol. Яны ж паведамілі, што трансьляцыю ўдалося запусьціць на больш як 2000 экранах па ўсёй Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG