Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Акт аб дэмакратыі ў Беларусі ўжо рыхтуецца да разгляду ў Кангрэсе ЗША — дарадца Ціханоўскай


Будынак Кангрэсу ЗША.
Будынак Кангрэсу ЗША.

Падрыхтоўку Акту аб дэмакратыі ў Беларусі, а таксама стратэгічны дыялёг паміж ЗША і дэмакратычнымі сіламі абмеркавала Святлана Ціханоўская падчас сустрэч з амэрыканскімі кангрэсмэнамі і сэнатарамі на палях Мюнхенскай канфэрэнцыі па бясьпецы.

Як адзначыў галоўны дарадца дэмакратычнай лідэркі Беларусі Франак Вячорка, Акт аб дэмакратыі ў Беларусі ўжо рыхтуецца да разгляду ў абедзьвюх палатах Кангрэсу ЗША.

Паводле слоў Вячоркі, Ціханоўская правяла сустрэчы з былым сьпікерам Палаты прадстаўнікоў Нэнсі Пэласі, кіраўніком дэмакратычнай фракцыі ў Палаце прадстаўнікоў Хакімам Джэфрысам, сустаршынём беларускага кокусу (парлямэнцкай групы) у Палаты прадстаўнікоў Джо Уілсанам, сустаршынёй беларускага кокусу ў Сэнаце Джын Шахін, сэнатарам Дэнам Саліванам і іншымі.

Таксама падчас сустрэч абмяркоўвалася пытаньне прызначэньня спэцпасланьніка, якое «павінна адбыцца найбліжэйшым часам», сказаў Вячорка.

Іншымі тэмамі, паводле яго слоў, былі падтрымка незалежных СМІ, грамадзянскай супольнасьці, прыцягненьне рэжыму Аляксандра Лукашэнкі да адказнасьці ў Міжнародным крымінальным судзе і судзе ААН, а таксама «больш эфэктыўныя санкцыі супраць рэжыму і закрыцьцё шчылін, якія выкарыстоўваюцца для іх абыходу».

«Ціханоўская прапанавала пры прыняцьці санкцый ясна прамаўляць патрабаваньне вызваленьня палітвязьняў. Яна зьвярнула ўвагу на крытычную сытуацыю з палітвязьнямі, якія знаходзяцца ў цяжкім стане і інфармацыйнай ізаляцыі. Палітык адзначыла, што на фоне сьмерці Навальнага неабходна прыняць усе меры па іх вызваленьні і як мінімум дамагацца допуску для адвакатаў і родных», — удакладніў Франак Вячорка.

Акрамя гэтага, былі абмеркаваныя тэмы «магчымых санкцый супраць Расеі і рэжыму Лукашэнкі за падрыў беларускага сувэрэнітэту і саўдзел у ваенных злачынствах» і «правядзеньне беларуска-амэрыканскай канфэрэнцыі высокага ўзроўню», на якой Ціханоўская прапанавала «абмеркаваць стратэгію і доўгатэрміновае супрацоўніцтва паміж амэрыканскім урадам, Кангрэсам і дэмакратычнымі сіламі».

Што такое «Акт аб дэмакратыі ў Беларусі»

  • Акт аб дэмакратыі ў Беларусі ўпершыню прынялі ў 2004 годзе пасьля таго, як Аляксандр Лукашэнка правёў рэфэрэндум, які дазволіў аднаму чалавеку (дэ-факта самому Лукашэнку) выбірацца прэзыдэнтам неабмежаваную колькасьць разоў. Дакумэнт абнаўлялі ў 2006, 2011 і 2020 гадах у сувязі з прэзыдэнцкімі выбарамі і рэпрэсіямі, якія іх суправаджалі.
  • У прынятым у 2020 годзе дакумэнце падкрэсьлівалася, што Лукашэнка ня ёсьць легітымным прэзыдэнтам Беларусі, а Каардынацыйная рада называлася «легітымным інстытутам для ўдзелу ў дыялёгу аб мірнай перадачы ўлады». Дакумэнт пашырыў магчымасьці ЗША для санкцыйнага ціску на рэжым Лукашэнкі, дапамогі беларускай грамадзянскай супольнасьці і незалежным СМІ.
  • Дакумэнт пашырае магчымасьці ЗША для санкцыйнага ціску на рэжым Лукашэнкі, дапамогі беларускай грамадзянскай супольнасьці і незалежным СМІ, жанчынам, якія «выступаюць за свабоду і правы чалавека», палітычным уцекачам, якія ратуюцца ад рэпрэсій у Беларусі, не прызнае легітымнасьць Лукашэнкі і прадугледжвае каардынацыю палітыкі ЗША ў дачыненьні да Беларусі зь іншымі краінамі.
  • Раней Вячорка паведамляў, што Акт аб дэмакратыі ў Беларусі з папраўкамі можа быць прыняты ў пачатку гэтага году.

Што гаворыцца ў «Акце аб дэмакратыі ў Беларусі»

Амэрыканскі акт аб дэмакратыі ў Беларусі:

  • заклікае да правядзеньня новых прэзыдэнцкіх выбараў;
  • прызнае Каардынацыйную раду, створаную з ініцыятывы экс-кандыдаткі ў прэзыдэнты Сьвятланы Ціханоўскай, у якасьці легітымнага інстытуту для ўдзелу ў дыялёгу аб мірнай перадачы ўлады;
  • заклікае да вызваленьня ўсіх палітычных зьняволеных;
  • падтрымлівае імкненьне беларускага народу да свабоды веравызнаньня;
  • прадугледжвае аказаньне дапамогі ў прасоўваньні дэмакратыі і падтрымку беларускай грамадзянскай супольнасьці;
  • недвухсэнсоўна заяўляе пра палітыку ЗША ў справе «непрызнаньня ўключэньня Беларусі ў „саюзную дзяржаву“ з Расеяй»;
  • заклікае да распрацаваньня стратэгіі ЗША ў справе разьвіцьця тэле- і радыёперадаваньня, свабоды інтэрнэту і доступу да інфармацыі;
  • прадугледжвае падтрымку беларускіх СМІ і IT-сэктару.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG