Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што здараецца, калі сілавікам дазволена не зважаць на закон. Чым скончыцца «справа ДФР»


Ілюстрацыйнае фота.
Ілюстрацыйнае фота.

Атрымаўшы карт-блянш на поўную свабоду дзеяньняў, не абмежаваную ніякімі законамі, сілавыя структуры на нейкім этапе, выкарыстоўваючы новыя магчымасьці, непазьбежна пачынаюць уласную гульню. У іх зьяўляюцца свае інтарэсы, у тым ліку эканамічныя, якія далёка не заўсёды супадаюць з інтарэсамі Лукашэнкі. І паступова сілавікі пачынаюць выходзіць з-пад ягонага кантролю.

Сьцісла:

  • Калі рэпрэсіўная машына раскручваецца, то губляецца мяжа дазволенага, усё больш складана разабрацца, дзе «свае», а дзе «чужыя».
  • Апошнія тры гады, пасьля здушэньня пратэстаў, Лукашэнка асьцерагаўся чапаць супрацоўнікаў сілавых структур. Бо яны — асноўная апора рэжыму.
  • Галоўным інструмэнтам барацьбы з эканамічнымі структурамі, якія прызнаваліся палітычна неляяльнымі, стаў ДФР.
  • Калі падчас выкананьня палітычнай замовы супрацоўнікам ДФР дазволена не зважаць на закон, то было б дзіўна, калі б у іншых выпадках яны заўсёды прытрымліваліся закону.

Тое, што любы палітычны тэрор на нейкім этапе пачынае зьнішчаць уласных «дзяцей», — вядомая гістарычная заканамернасьць. Бо калі рэпрэсіўная машына раскручваецца, то губляецца мяжа дазволенага, усё больш складана разабрацца, дзе «свае», а дзе «чужыя». І цяпер мы маем нямала прыкладаў, калі пад «замес» трапляюць прыхільнікі існага рэжыму.

У гэтым пляне «справа ДФР» знакавая шмат у якіх сэнсах.

Спачатку (02.02.2024) зьявілася інфармацыя, што кіраўнік Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў (ДФР) Ігар Маршалаў зьняты з пасады і прызначаны амбасадарам у Зымбабвэ. Такая вось ганаровая ссылка. Новым дырэктарам ДФР стаў Андрэй Самбук, які прыйшоў на новую пасаду з пазыцыі начальніка сьледчага ўпраўленьня КДБ.

Празь некалькі дзён стала зразумела, што стаіць за гэтай кадравай пераменай. У незалежных мэдыя (найперш у «Нашай ніве») зьявілася паведамленьне, што КДБ арыштаваў звыш двух дзясяткаў афіцэраў з цэнтральнага апарату ДФР і ўпраўленьня дэпартамэнту па Менску і Менскай вобласьці.

Варта адзначыць, што апошнія тры гады, пасьля здушэньня пратэстаў, Лукашэнка асьцерагаўся чапаць супрацоўнікаў сілавых структур. Бо яны — галоўная апора рэжыму. Былі асобныя выпадкі апалы ці нават затрыманьняў. Аднак яны не насілі масавага характару.

Цяпер Лукашэнка адчувае сябе ўпэўнена, пагрозы ягонай уладзе мінімізаваліся, таму ён ужо можа не абмяжоўваць сябе ў арыштах, у тым ліку і сілавікоў.

Другі чыньнік зьяўленьня «справы ДФР» больш важны. Пасьля 2020 году ўсе сілавыя структуры былі мабілізаваныя ня столькі на барацьбу са злачыннасьцю, колькі на нэўтралізацыю пагроз існаму рэжыму і ўладзе Лукашэнкі. Яны ўсё больш уцягваліся ў «палітычныя справы».

Той жа ДФР ня столькі займаўся фінансавымі расьсьледаваньнямі, колькі выконваў функцыю палітычнай паліцыі. Паколькі ў пратэстах 2020 году масава ўдзельнічалі супрацоўнікі недзяржаўнага сэктару, Лукашэнка прыйшоў да высновы, што бізнэс — гэта палітычная пагроза. Ён назваў бізнэсоўцаў «мярзотнікамі», паабяцаў «выразаць гарачым жалезам». «Лепш няхай яны зьедуць з тымі грашыма, якія накралі, таму што яны перавернуць краіну», — казаў Лукашэнка.

І галоўным інструмэнтам барацьбы з эканамічнымі структурамі, якія прызнаваліся палітычна неляяльнымі, стаў ДФР. Ён фабрыкаваў крымінальныя справы. Прыкладаў шмат: Tut. by, Белгазпрамбанк, «Грын», «Суседзі» і інш. Дэпартамэнт актыўна ціснуў на кампаніі зь «несяброўскіх краін».

А далей адбылося тое, што было непазьбежным. Выконваючы палітычныя замовы, ДФР неўзабаве незаўважна перайшоў да спробаў банальнага рэйдэрскага захопу пасьпяховага бізнэсу, як тое адбылося з афтальмалягічнай клінікай «Новы зрок». Бо калі сыстэма правасудзьдзя разбурана, калі сілавыя структуры дзейнічаюць паводле прынцыпу «часам не да законаў», «усё дазволена» (па Дастаеўскаму), то наступае «прававое бязмежжа», праваахоўныя органы пачынаюць займацца банальным рэкетам. Калі падчас выкананьня палітычнай замовы супрацоўнікам ДФР дазволена не зважаць на закон, то было б дзіўна, калі б у іншых выпадках яны заўсёды прытрымліваліся закону.

І вось тут узьнікае праблема ўжо для Лукашэнкі. Атрымаўшы карт-блянш на поўную свабоду дзеяньняў, не абмежаваную ніякімі законамі, сілавыя структуры на нейкім этапе, выкарыстоўваючы новыя магчымасьці, непазьбежна пачынаюць уласную гульню. У іх зьяўляюцца свае інтарэсы, у тым ліку эканамічныя, якія далёка не заўсёды супадаюць з інтарэсамі Лукашэнкі. І паступова сілавікі пачынаюць выходзіць з-пад ягонага кантролю. Лукашэнка зразумеў небясьпеку і загадаў прывесьці ДФР у прытомнасьць. Магчыма, гэтых затрыманых супрацоўнікаў і пасадзяць (хоць тое і ня пэўна). Аднак сама сыстэма такая, што будзе спараджаць падобныя праблемы зноў і зноў. Таму Лукашэнка мусіць увесь час быць на варце, каб трымаць сытуацыю пад кантролем.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG