Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэты матэрыял распаўсюджаны...». Чаму расейскія «іншаземныя агенты» паведамляюць пра свой статус чытачам, а беларускія «экстрэмісты» — не


Разьбіраемся, чым адрозьніваецца статус «іншаземнага агента» ў Расеі і «экстрэміста» ў Беларусі.

«Гэты матэрыял ці інфармацыя распаўсюджаны іншаземным агентам ці датычацца дзейнасьці іншаземнага агента...» — такім подпісам многія свае пасты ў сацыяльных сетках ці відэа суправаджаюць расейскія блогеры, журналісты, музыкі, якія былі вымушаныя пакінуць сваю краіну.

Паводле заканадаўства, такі надпіс абавязаныя зьмяшчаць асобы, якіх у Расеі прызналі «іншаземнымі агентамі». Гэта тыя асобы (фізычныя і юрыдычныя), хто, на думку расейскіх уладаў, атрымлівае падтрымку з-за мяжы ці знаходзіцца пад іншаземным уплывам. Такі статус накладае і іншыя абавязкі. Напрыклад, рабіць справаздачы перад кантрольнымі органамі. А таксама забараняе некаторыя віды дзейнасьці, напрыклад асьветніцкую.

У Беларусі «экстрэмісцкі» статус улады прызначылі вялікай колькасьці публічных людзей. Але яны пра свой статус «экстрэміста» ў блогах нічога ня пішуць.

«Экстрэмізм — гэта найвышэйшы лэвэл»

Пытаньне, навошта зьмяшчаць такі допіс, калі чалавек ужо выехаў, і як свой «экстрэмісцкі» статус маглі б пазначаць беларусы, агучыў кіраўнік фонду BySol Андрэй Стрыжак. Пад яго пастом на Facebook з гэтай нагоды разгарэлася дыскусія.

Андрэй Стрыжак
Андрэй Стрыжак

«Як высьветлілася, гэта істотна пазначаць, напрыклад, для мэдыя. Калі мэдыя ня хоча быць заблякаваным у Расеі, то такая інфармацыя можа дапамагчы. „Экстрэмісцкі“ статус у Беларусі адрозьніваецца ад статусу іншаземнага агента. Іншаземны агент — гэта першапачаткова не крымінальная рэч, гэта патрабаваньне. „Экстрэмізм“ — штука больш высокага ўзроўню, такі статус прадугледжвае, што любы перапост са старонкі „экстрэміста“ можа быць падставай для крымінальнай справы. Гэта іншы ўзровень адказнасьці. Беларусы нічога не ставяць пра экстрэмізм, бо гэта ні ад чога не ратуе», — расказаў Свабодзе Андрэй Стрыжак.

Ён мяркуе, што калі б разьмяшчэньне інфармацыі пра свой статус «экстрэміста» нечым бы дапамагала, ці давала нейкія паслабленьні, беларусы б таксама карысталіся такой магчымасьцю.

«Могуць арыштаваць маёмасьць»

Галоўнага рэдактара расейскага выданьня «Медиазона» Сяргея Сьмірнова ня раз штрафавалі ў Расеі за адсутнасьць неабходнай інфармацыі аб статусе «іншаземнага агента». Ні ён, ні выданьне гэтай інфармацыі прынцыпова не разьмяшчаюць. Сяргей Сьмірноў кажа, што людзі пазначаюць такія зьвесткі пра сябе ад страху крымінальнага перасьледу.

Сягрей Сьмірноў
Сягрей Сьмірноў

«Каб мы ставілі гэта паведамленьне, маглі б пазьбегнуць штрафу. За адсутнасьць гэтай інфармацыі могуць аштрафаваць. Калі чалавек некалькі разоў не выконвае патрабаваньні, то яго чакае крымінальны перасьлед. Тут кожны за сябе вырашае сам. Чаму людзі яе працягваюць ставіць? Ня хочуць крымінальнага перасьледу. Бо нават калі ты выехаў з краіны, могуць прыйсьці да сваякоў, зрабіць у іх ператрус. Калі ёсьць уласнасьць, могуць накласьці штрафы на маёмасьць. Фармальна кампаніі з Расеі могуць рэклямавацца ў „іншаземных агентаў“, але буйным рэклямадаўцам ужо ня раяць гэта рабіць іх юрысты, гэта таксычны статус для іх», — тлумачыць Сяргей Сьмірноў.

Такім чынам, прычын для разьмяшчэньня пазнакі аб «іншаземных агентах» некалькі:

  • магчымасьць свабоднага распаўсюду кантэнту ў Расеі;
  • небясьпека крымінальнага перасьледу;
  • небясьпека арышту маёмасьці;
  • патэнцыйныя праблемы з рэкламадаўцамі.

Калі чалавек парушыў патрабаваньні аб статусе «іншаземнага агента», яго можа чакаць штраф. Калі парушэньне адбывалася двойчы цягам году, можа наступіць крымінальная адказнасьць. да двух гадоў пазбаўленьня волі. Калі ж «іншаземны агент», на думку ўладаў, зьбіраў зьвесткі аб вайскова-тэхнічнай дзейнасьці і яны могуць быць выкарыстаныя супраць бясьпекі Расеі — да 5 гадоў пазбаўленьня волі.

«Гэта розныя мэханізмы, створаныя з адной мэтай»

Юрыстка праваабарончага цэнтру «Вясна» Вікторыя Рудзянкова кажа, што абодва мэханізмы (прызнаньня «іншаземнымі агентамі» і «экстрэмістамі») рэпрэсіўныя. Улады стварылі іх і легалізавалі для сябе з мэтай кантраляваньня свабоды слова.

Пры гэтым адрозьненьні ёсьць як у працы такога мэханізму, так і ў наступствах статусу.

«Гэта розныя мэханізмы, хоць і створаныя з адной мэтай. У Беларусі такі статус тычыцца выказваньняў пра дзеяньні ўладаў і пратэстаў. У Расеі зараз — выказваньняў пра вайну. Бо раней такі статус давалі толькі арганізацыям. Статус „іншаземнага агента“ — гэта дадатковыя патрабаваньні да суб’ектаў. Спачатку гэтыя абавязкі накладалі толькі на тых, у каго ёсьць замежнае фінансаваньне. Пазьней заканадаўства пачалі мяняць, рабіць больш жорсткім. Цяпер, калі чалавек асуджае вайну, ён таксама „іншаземны агент“», — кажа юрыстка.

А вось «экстрэмізм» у Беларусі, па яе словах, гэта ад пачатку крыміналізаванае дзеяньне.

«Схема прызнаньня „экстрэмістамі“ ў Беларусі першапачаткова іншая. Яна цягне за сабой крымінальную адказнасьць ня толькі для стваральнікаў, але для ўсіх датычных. Даў інтэрвію „экстрэмісцкаму фармаваньню“ — таксама могуць пасадзіць. Данаты „экстрэмістам“ — таксама крымінальная адказнасьць», — працягвае юрыстка.

У Беларусі ёсьць асобны пералік юрыдычных асобаў, якіх улады прызналі «экстрэмістамі», і фізычных асобаў, прызнаных «экстрэмістамі». І асобна ёсьць сьпіс беларусаў-«тэрарыстаў».

Згодна з Крымінальным кодэксам Беларусі, за «стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня» могуць прысудзіць да 6 гадоў, паўторна — да 10 гадоў. За ўваходжаньне ў склад такога фармаваньня — да 6 гадоў.

За тэрарызм у Беларусі могуць прысудзіць ад 8 гадоў і аж да сьмяротнага пакараньня. У расейскім сьпісе «іншаземных агентаў», паводле дадзеных праваабарончага парталу «ОВД-инфо», на 18 студзеня гэтага году было 756 юрыдычных і фізычных асобаў.

У Беларусі асобамі, «датычнымі да экстрэмісцкай дзейнасьці», згодна са сьпісам МУС, прызналі 3765 чалавек.

У пераліку «экстрэмісцкіх фармаваньняў» на канец мінулага году было 169 суб’ектаў. У «тэрарыстычным сьпісе» на сёньня 412 беларусаў.

Асобна ў Беларусі існуе сьпіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за распаўсюд і захоўваньне якіх пагражае адміністрацыйная адказнасьць. Гэта сьпіс на 840 старонак. Толькі за апошні год пад адміністрацыйны перасьлед за распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў» трапіў 1391 чалавек.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG