Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь як цень Расеі: вынікі 2023 году ад Аляксандра Класкоўскага


Уладзімір Пуцін, Аляксандар Лукашэнка, Аляксандар Класкоўскі, каляж
Уладзімір Пуцін, Аляксандар Лукашэнка, Аляксандар Класкоўскі, каляж

У чым за мінулы год Беларусь стала больш залежнай ад Расеі? Якія перасьцярогі 2022 году ня спраўдзіліся і чаму? Якімі будуць палітычныя наступствы парлямэнцкіх выбараў у Беларусі і прэзыдэнцкіх у Расеі ў 2024 годзе?

На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста ў праграме «Падзея і камэнтар» адказвае палітычны аглядальнік праекту «Позірк» Аляксандар Класкоўскі.

Сьцісла

  • Самая гучная, мэдыйная падзея 2023 году ў беларуска-расейскіх адносінах – мяцеж Прыгожына і разьмяшчэньне ў Беларусі «Вагнэра»;
  • Падзеі году паказалі, што Лукашэнка ня поўная марыянэтка Пуціна, ён мае пэўную суб'ектнасьць;
  • Важнай тэндэнцыяй году была паўзучая інкарпарацыя Беларусі ў РФ у эканамічнай сфэры;
  • Фарсаваная мілітарызацыя ўсіх сфэраў жыцьця – гэта ня столькі падрыхтоўка да ўступленьня ў вайну войскам, колькі стварэньне мадэлі «аточанай крэпасьці» для ўнутрыпалітычных патрэбаў;
  • Крэмль наўрад ці скарыстаецца выбарамі ў Беларусі і фармаваньнем «усебеларускага народнага сходу» ў новым статусе для паглыбленьня свайго ўплыву на беларускую палітыку.

— Вось сьпіс галоўных падзеяў і працэсаў, якія адбыліся сёлета ў беларуска-расейскіх адносінах:

  • разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі;
  • мілітарызацыя ў Беларусі;
  • мяцеж Прыгожына, «Вагнэр» у Беларусі;
  • навучаньне ў Беларусі расейскіх мабілізаваных;
  • адсутнасьць абстрэлаў Украіны зь беларускай тэрыторыі;
  • падрыў самалёта А-50 у Мачулішчах;
  • візыты ў Менск кіраўнікоў Абхазіі Бжанія і «ДНР» Пушыліна;
  • пераарыентацыя беларускага замежнага гандлю на Расею;
  • інтэграцыя, стварэньне наднацыянальнага падатковага камітэту з РФ;
  • старшынства Беларусі ў АДКБ.

Што з гэтых падзеяў і працэсаў уяўляецца найбольш важным, такім, якое вызначыць разьвіцьцё падзеяў у будучыні?

— Калі браць мэдыйны аспэкт, то найбольш адметна гучала гісторыя з «Вагнэрам». Там можна было разгарнуцца кансьпіролягам. Мне ад пачатку падаваліся няслушнымі здагадкі, што нібыта і сам мяцеж быў інсцэнаваньнем, што гэта быў хітры плян Пуціна, каб перакінуць «Вагнэр» у Беларусь.

Кансьпіролягі ня ўлічвалі, што вагнэраўцаў было ўсяго 5-7 тысяч, гэта вельмі мала, каб наступаць на Ўкраіну празь мінныя палі. Ісьці на Сувальскі калідор было б яшчэ большай авантурай.

Усе гэтыя гіпотэзы ня ўлічвалі суб’ектнасьць Лукашэнкі і Прыгожына. Прыгожын сапраўды падняў мяцеж, і Крэмль у выніку мусіў яго прыбраць.

І Лукашэнка хоць і папалохаў крыху вагнэраўцамі Польшчу, ня быў зацікаўлены ўцягвацца ў рэальную вайну з краінамі NATO. Для многіх камэнтатараў стала аксіёмай, што Лукашэнка — гэта адно марыянэтка Крамля. Я думаю, што ўсё больш складана.

У сьпісе, які вы прывялі, я б адзначыў яшчэ некалькі пунктаў — гэта, найперш, разьмяшчэньне ў Беларусі ядзернай зброі. Тут, дарэчы, таксама ёсьць спрошчаныя схемы (маўляў, Пуцін прымусіў Лукашэнку, уключыў у сваю гульню).

Ну так, гэты крок зьяўляецца часткай глябальнага шантажу Ўкраіны і Захаду і гэта гульня Пуціна. Але Лукашэнка сам даўно прасіў гэтай зброі і ён гуляе сваю гульню. Нездарма з вуснаў Лукашэнкі прагучала прапанова «сообразить на троих» з Кім Чэн Ынам.

Для Лукашэнкі КНДР — гэта ў пэўным сэнсе ўзор. Нават ЗША мусяць танчыць вакол гэтага дыктатара, бо атрымаць ядзерны зарад у свой агарод ніхто ня хоча. Магчыма, Лукашэнка спадзяецца ў нейкай сытуацыі прыватызаваць расейскую ТЯЗ. І тады ніхто яго і пальцам не кране.

І яшчэ адзін важны пункт — гэта «братняя» інтэграцыя. У свой час Лукашэнка адмовіўся падпісваць «дарожныя мапы», але калі абставіны пасьля 2020 году прыціснулі, то цяпер на 90% выкананыя саюзныя праграмы, якія, насамрэч, крыху падпраўленыя тыя ж «дарожныя мапы». Няма куды падзецца. І сёньня беларускія ўлады самі лезуць у маскоўскую пастку.

— Ці стала за гэты год Беларусь больш залежнай ад Расеі, ці страціла яна яшчэ больш свайго сувэрэнітэту? Ці ў якіх аспэктах больш, а ў якіх усё засталося на сваіх месцах?

— Са сьпісу я б яшчэ адзначыў спыненьне абстрэлаў Украіны зь беларускай тэрыторыі. Яны спыніліся ў кастрычніку летась і больш потым не аднаўляліся. Былі вэрсіі, што Пуцін цісьне на Лукашэнку, каб уцягнуць у вайну беларускае войска. Мы ня бачылі праяваў гэтага ціску. Калі раней ціснулі, то былі пэўныя дзеяньні — перакрывалі вэнтылі то на газ, то на нафту. Сёлета з боку Крамля на Лукашэнку сыпаліся ўсе магчымыя даброты. Таму, відаць, Лукашэнка знайшоў аргумэнты, што лепш Беларусь будзе палігонам для расейскіх мабілізаваных і зборачным цэхам.

Але, па вялікім рахунку, калі адказваць на пытаньне пра ступень залежнасьці... У лютым 2022 году расейскія войскі ішлі на Кіеў зь Беларусі. Іх у Беларусі тады было 30-50 тысяч. Цяпер засталося прыблізна 2 тысячы, і гэта пераважна пэрсанал, які абслугоўвае расейскія вайсковыя абʼекты пад Ганцавічамі і Вілейкай, якія існуюць яшчэ з савецкіх часоў. Але не выпадае казаць, што зьменшылася вайсковая залежнасьць Лукашэнкі ад Пуціна.

Калі Пуцін на нейкім этапе вайны з Украінай захоча зноў увесьці вялікі кантынгент і паспрабуе з поўначы наступаць, то Лукашэнка ня зможа адмовіцца.

А самае галоўнае — гэта паўзучая інкарпарацыя ў эканамічнай сфэры. Цяпер ня верыцца, што зусім нядаўна сам Лукашэнка патрабаваў дывэрсыфікацыі замежнага гандлю: траціна — з Расеяй, траціна — з ЭЗ, траціна — з краінамі «далёкай дугі». Цяпер больш за дзьве траціны замежнага гандлю прыпадае на Расею. Плюс уся лягістыка завязаная на яе. І нават транзыт у краіны «далёкай дугі» ідзе праз Расею. Гэта пастка.

Пасьля таго, як Лукашэнка ў 2020 годзе задушыў народнае паўстаньне, яму нічога не застаецца, як паўзьці ў пашчу гэтага імпэрскага цмока. Для яго лепш стаць губэрнатарам Паўночна-Заходняга краю, чым варыянт, пры якім Латушка пацягне яго ў Гаагу.

— Якія тэндэнцыі, перасьцярогі, што былі ў 2022 годзе, ня спраўдзіліся ў 2023 годзе? І чаму?

— Самая папулярная тэма 2022-га — што Лукашэнка будзе змушаны ўступіць у вайну войскам. Гэтага не адбылося ў 2023 годзе. Складна хутка стварыць ударную групоўку, да таго ж украінцы добра падрыхтаваліся. І дзякуй Богу, што такія прагнозы ня спраўдзіліся.

— Узмоцненая мілітарызацыя хіба ня ўсіх сфэраў беларускага жыцьця — гэта падрыхтоўка да непазьбежнага ўступленьня краіны ў вайну сваёй арміяй? Ці дзіўны спосаб перадухіліць гэта? Або наагул нешта іншае, матываванае ўнутранымі прычынамі?

— У Лукашэнкі тут некалькі матываў. Ён не выключае, што ваяваць давядзецца. Можа, Пуцін праз пэўны час скажа: «Саша, трэба». Таму лепей падрыхтавацца, улічыць усе «касякі», якія былі дапушчаныя ў Расеі падчас «частковай мабілізацыі».

З другога боку, паляўнічыя са стрэльбамі супраць украінскага ці натаўскага спэцназу выглядаюць ня надта пераканаўча. Але, хутчэй за ўсё, гэтая рэзэрва рыхтуецца на выпадак унутраных забурэньняў. Вось там яны, можа, і змогуць утаймаваць «бунт пятай калёны».

Да таго ж мілітарызацыя — гэта яшчэ адно тлумачэньне, чаму канчаткова зьнішчаюцца ўсе грамадзянскія правы. Мы ж у варожым атачэньні, Захад на нізкім старце стаіць. Лукашэнка кажа, што калі б у 2020 годзе яго праціўнікі хаця б на дзень захапілі ўладу, на наступны дзень натаўцы былі б ужо ў Беларусі.

Мадэль «аточанай крэпасьці» дапамагае ўладам патлумачыць, чаму на кожным выбарчым участку будзе міліцэйскі атрад. Ворагі ж ня сьпяць, яны могуць у любы момант напасьці.

— У 2024 годзе ў Беларусі пройдуць парлямэнцкія выбары і будзе сфармаваны Усебеларускі народны сход у новым статусе. У Расеі пройдуць прэзыдэнцкія выбары. Ні ў Беларусі, ні ў Расеі гэта ня будуць свабодныя выбары. Там ня менш, як гэтыя мерапрыемствы могуць паўплываць на двухбаковыя адносіны?

— Аўтакратыі надаюць вялікае значэньне гэтым нібыта рытуальным працэдурам. Гэта момант пэўнага выпрабаваньня для рэжыму, момант легітымацыі. Пуцін не абвяшчае новай мабілізацыі, каб не раздражняць свой электарат. Пасьля таго, як ён перавыберацца (а там сюрпрызаў ня будзе), ён можа абвясьціць новую мабілізацыю ў Расеі.

І для Лукашэнкі гэта будзе плюс. Тады зьменшыцца імавернасьць, што Крэмль будзе ад яго патрабаваць, каб ён свае войскі паслаў на вайну. Лукашэнка перавыбіраецца пазьней, у 2025 годзе. Тут таксама ёсьць кансьпіралягічныя вэрсіі, што Крэмль нашпігуе Ўсебеларускі народны сход сваімі людзьмі, якія пры нагодзе скінуць Лукашэнку. Але ўнутраныя працэсы кантралюе ўсё ж ён і склад УНС будзе фармавацца «вэртыкальлю», а зацьвярджаць сьпіс будзе Лукашэнка. Наўрад ці Крэмль на гэта зможа ўплываць.

Ды і наагул: ці трэба Крамлю зараз інтрыгаваць супраць Лукашэнкі і мяняць на ўмоўную Качанаву? Пуціну зараз не да таго. У яго вайна, і коней на пераправе не мяняюць. Ён і Лукашэнка адзін аднаго разумеюць, як у савецкай песьні: «встретились два одиночества». І яны адзін за аднаго трымаюцца. А калі высілкамі Паўла Латушкі ў Гаазе выпішуць ордэр на арышт і Лукашэнкі, гэта яшчэ больш зблізіць Лукашэнку і Пуціна.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

XS
SM
MD
LG