Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка ў Дубаі гаварыў ня гэтулькі пра клімат, колькі пра барацьбу з Захадам


Лукашэнка ў Дубаі
Лукашэнка ў Дубаі

Пра тое, наколькі афіцыйны Менск цікавяць праблемы клімату, сьведчыць выступ Аляксандра Лукашэнкі на пленарным паседжаньні кліматычнага форуму ў Дубаі. Лукашэнка там выкарыстаў экалягічную тэму перажна дзеля таго, каб чарговы раз абрынуцца на краіны Захаду.

Сьцісла:

  • Такія форумы — рэдкая магчымасьць для Лукашэнкі выступіць перад шырокай міжнароднай супольнасьцю, данесьці да яе пазыцыю афіцыйнага Менску.
  • Асноўная ідэя выступу Лукашэнкі ў тым, што ўва ўсіх кліматычных праблемах у сьвеце вінаваты Захад.
  • Да такога агрэсіўнага тону спрычыніўся комплекс міжнароднага выгнанца, які апошнімі гадамі ўзмацніўся.
  • Лукашэнка хацеў бы здабыць падтрымку краінаў глябальнага Поўдня у іхным паходзе супраць ЗША і Эўропы і, самае галоўнае, стаць іхным лідэрам, узначаліць гэты паход.

Уяўная цікавасьць да клімату

Аляксандар Лукашэнка прыляцеў у Дубай (Аб’яднаныя Арабскія Эміраты), дзе бярэ ўдзел у Канфэрэнцыі ААН аб зьменах клімату. Гэтаму форуму беларускае кіраўніцтва надае вялікую ўвагу. Напярэдадні Лукашэнка правёў адмысловую нараду, абмяркоўвалі дэталі праграмы візыту. Кіраўнік беларускага МЗС Сяргей Алейнік праігнараваў пасяджэньні Рады міністраў замежных справаў АБСЭ ў сталіцы Паўночнай Македоніі Скоп’і, каб быць у Дубаі. А на форуме АБСЭ Беларусь прадстаўляе намесьнік міністра замежных справаў Юры Амбразевіч.

Наўрад ці кіраўніцтва Беларусі моцна цікавяць праблемы клімату. У кожным разе, мінулыя 29 гадоў кіраваньня Лукашэнкі гэтая тэма ня вельмі хвалявала ўлады. Хоць, паводле афіцыйнай інфармацыі, Беларусь скараціла выкіды парніковых газаў на 58%, перавыканала свае абавязаньні, але сакрэт гэтых посьпехаў просты. Рэч у тым, што за пункт адліку бярэцца 1990 год. З таго часу, пасьля краху СССР, прамысловасьць Беларусі моцна скарацілася, зьніклі ня толькі многія вялікія прадпрыемствы, а нават цэлыя прамысловыя галіны. Таму выканаць гэтыя кліматычныя абавязаньні аказалася даволі лёгка.

Да таго ж варта нагадаць, што сёлета Лукашэнка сваімі ўказамі спыніў удзел Беларусі ў дзьвюх найважнейшых міжнародных канвэнцыях у пытаньнях экалягічнай бясьпекі — аб доступе да інфармацыі і аб ахове дзікай флёры і фаўны і прыродных біятопаў у Эўропе.

Пра тое, што афіцыйны Менск мала цікавяць праблемы клімату, сьведчыць выступ Лукашэнкі на пленарным паседжаньні форуму. Ён там выкарыстаў кліматычную тэму, каб абрынуцца на краіны Захаду. Гэта была прамова пракурора перад трыбуналам над злачынцамі, якімі Лукашэнка абвесьціў заходнія дзяржавы. Нават на тле ягоных антызаходніх заяваў, якія апошнім часам не спыняюцца, гэты выступ узроўнем агрэсіўнасьці супраць палітычных ворагаў дзівіць. Такое ўражаньне, што выступоўца выпадкова пераблытаў фармат падзеі.

Не пра клімат, а пра Захад

Але такі выступ часткова тлумачыць тое, чаму Лукашэнка любіць вялікія міжнародныя сустрэчы — накшталт самітаў ААН, Руху недалучэньня, ці рэгіянальныя форумы тыпу ШАС, сустрэчы на найвышэйшым узроўні у рамках АБСЭ ці Нарады аб узаемадзеяньні і мерах даверу ў Азіі. Ён рэдка іх прапускае. Сёлета Лукашэнка не паехаў на Генэральную Асамблею ААН, бо апошнім часам афіцыйны Менск менавіта ў структурах Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў пацярпеў цэлы шэраг дыпляматычных паразаў. І цяпер у Дубаі Лукашэнка спрабуе атрымаць маральную і дыпляматычную кампэнсацыю.

Такія форумы — рэдкая магчымасьць выступіць перад шырокай міжнароднай супольнасьцю, данесьці да яе пазыцыю афіцыйнага Менску. Бо наўрад ці лідэры розных краін сочаць за выступамі Лукашэнкі на тусоўках кшталту самітаў СНД ці АДКБ. Ня тая міжнародная вага ў Беларусі. А тут на кліматычны форум прыехалі прадстаўнічыя дэлегацыі з больш як 150 краін, каля 90 зь іх узначальваюць першыя асобы. Ёсьць дзе разгарнуцца.

Калі вяртацца да выступу, то асноўная ягоная ідэя ў тым, што ўва ўсіх кліматычных праблемах вінаваты Захад. Лукашэнка заявіў, што «„зялёны“ парадак дня бессэнсоўны ўва ўмовах канфрантацыі», што трыльёны даляраў, якія маглі б быць патрачаныя на захаваньне навакольнага асяродзьдзя, выкарыстоўваюцца для вядзеньня войнаў. А заходнія краіны «разьвязалі і вядуць самую страшную вайну на плянэце» (маецца на увазе вайна ва Ўкраіне). Гэта гаворыцца тады, калі якраз Расея ў саюзе зь Беларусьсю распачала вайну з Украінай, пайшла на канфрантацыю з Захадам.

Акрамя таго, паводле Лукашэнкі, да пагаршэньня клімату спрычынілася «прага да нажывы», якую дэманструе заходні капітал, «каляніяльны прыгнёт», а таксама эканамічныя санкцыі. Галоўная выснова ў тым, што за пагаршэньне клімату павінен плаціць Захад: «80% забруджаньня на плянэце — гэта ад вядучых дзяржаваў. Давайце ў дэклярацыю, спадар старшыня, запішам не заклапочанасьць, а запатрабуем ад іх скараціць хаця б напалову выкіды ў атмасфэру. Мы гэтага ня зробім. Дык чаго сабраліся?».

То бок заадно Лукашэнка паўшчуваў сам сусьветны форум за неэфэктыўнасьць і марнатраўства.

Комплекс выгнанца

Чым жа выкліканы такія зацятасьць, агрэсіўны запал?
Яшчэ з самага пачатку прэзыдэнцтва Лукашэнкі, калі былі разбураныя адносіны з Захадам, у яго сфармаваўся «комплекс выгнанца».

Ён крыўдаваў на эўрапейцаў, якія яго не разумелі, кідаўся да супрацы з іншымі краінамі, якія канфліктавалі з заходнімі дзяржавамі. Пасьля апошніх прэзыдэнцкіх выбараў зьявіўся «сындром 2020 году» — гэта сытуацыя, калі вялізная колькасьць краін (ЗША, ЭЗ і іх хаўрусьнікі) не прызнаюць Лукашэнку прэзыдэнтам, увялі санкцыі. А пасьля 2022 году да іх дадаўся «комплекс суагрэсара», калі дапамога Расеі ў яе вайне з Украінай была асуджана шэрагам міжнародных арганізацыяў, у тым ліку Генэральнай Асамблеяй ААН, і Лукашэнку пагражаюць міжнародным судом.

У выніку накладаньня гэтых комплексаў аднаго на другі атрымалася грымучая сумесь, гарачы кактэйль. Гэта псыхалягічна непрыемная рэч, маральны цяжар, які даводзіцца несьці. (Дарэчы, адна з праяваў згаданых траўмаў — гэта рост палітычных рэпрэсіяў супраць незадаволеных унутры краіны.) Дзеля пераадоленьня комплексаў трэба нешта рабіць. Вось гэты гарачы кактэйль і быў выліты на прысутных.

У пэўным сэнсе такая пазыцыя грунтуецца і на практычным разьліку. Лукашэнка хацеў бы здабыць падтрымку краінаў Глябальнага Поўдня у іхным паходзе супраць ЗША і Эўропы і, самае галоўнае, стаць іхным лідэрам, узначаліць гэты паход (будучы, нагадаю, лідэрам эўрапейскай краіны). Дарэчы, на гэтую ролю прэтэндуе таксама Расея і, часткова, Кітай. Але наўрад ці гэта магчыма. Краіны Глябальнага Поўдня вельмі розныя, абсалютная іх большасьць зусім не жадае канфрантацыі з Захадам, бо зьвязаная з ім значна большым аб’ёмам розных сувязяў, чым з той жа Расеяй, ня кажучы ўжо пра Беларусь.

Кулюарныя сустрэчы

Яшчэ адна задача візыту Лукашэнкі на гэты форум была сфармулявана на ўзгаданай вышэй адмысловай нарадзе напярэдадні паездкі ў Дубай. Правесьці сустрэчы з лідэрамі іншых краін, якія прыехалі на кліматычны саміт. Неабходна даказваць свайму атачэньню, прыхільнікам, абывацелю, замежным суб’ектам, нарэшце, самому сабе, што ня ўсё так дрэнна, што насамрэч няма ніякай ізаляцыі.

Вялікай карысьці для краіны ад гэтых сустрэчаў на палях розных форумаў зь лідэрамі шэрагу краін, як правіла, няма. Мінулая практыка сьведчыць, што пасьля такіх перамоваў, уласна, як і пасьля замежных візытаў Лукашэнкі, гандаль з гэтымі краінамі не расьце. Вось, напрыклад, Лукашэнка часта езьдзіць зь візытамі у ААЭ, але гандлёвы абарот паміж Беларусьсю і Эміратамі невялікі. У 2021 годзе ён склаў 80 млн даляраў і практычна не расьце. Увогуле, гандлёвы абарот мала залежыць ад сустрэч на вышэйшым узроўні, хвалі яго росту ці спаду абумоўленыя іншымі чыньнікамі. І, дарэчы, доля дзяржаваў так званай «далёкай дугі» ў беларускім гандлі не расьце, — нават пасьля таго, як абваліліся эканамічныя адносіны з ЭЗ і Ўкраінай (выключэньне — Кітай).

Афіцыйна паведамляецца, што за кароткі час знаходжаньня на саміце Лукашэнка сустрэўся з лідэрамі Азэрбайджану, Сэрбіі, Кубы, Зымбабвэ, Экватарыяльнай Гвінэі, Конга, Тога, Батсваны, Кеніі, Каморскіх выспаў. Як прызнаў прэзыдэнт Сэрбіі Аляксандар Вучыч, ягоная сустрэча з Аляксандрам Лукашэнкам адбылася «на нагах». То бок стоячы. Пра нейкія сур’ёзныя перамовы ў такіх умовах гаварыць не даводзіцца, такія сустрэчы ня будуць мець значных практычных наступстваў у эканамічным, фінансавым або вайскова-палітычным пляне. Хіба што даюць багатую спажыву для дзяржаўнай прапаганды. Маўляў, глядзіце, колькі замежных лідэраў паціскаюць Лукашэнку руку: якая ж гэта міжнародная ізаляцыя?

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG