Сьледчы камітэт Расеі напярэдадні паведаміў пра крымінальную справу па артыкуле аб забойстве дзьвюх і больш асоб. У паведамленьні гаварылася, што целы забітых былі знойдзены ў прыватным доме, які належаў загінулай сям’і, з агнястрэльнымі раненьнямі.
Тэлеграм-канал «Астра», спасылаючыся на мясцовых жыхароў, суседзяў і сваякоў забітых, сьцьвярджае, што забойства ўчыніў расейскі вайсковец. Паводле вэрсіі суразмоўцаў канала, забойства адбылося 27 кастрычніка ў прыватным жылым доме на вуліцы Данецкай. Дом належаў сямʼі — мужу і жонцы, у іх было двое дзяцей, дзяўчынка-школьніца і 4-гадовы хлопчык. Усе яны, як сцьвярджаецца, былі забітыя, як і яшчэ пяць чалавек, якія знаходзіліся ў доме.
Абставіны забойства застаюцца незразумелымі. Некаторыя суразмоўцы «Астры», а таксама карыстальнікі мясцовага чату, сьцьвярджаюць, што незадоўга да забойства расейскі вайсковец пасварыўся з уладальнікам хаты.
Афіцыйна Сьледчы камітэт Расеі, прадстаўнікі расейскіх уладаў і вайскоўцаў гэтых паведамленьняў не камэнтавалі.
Інфармацыю пракамэнтаваў упаўнаважаны ў правах чалавека Вярхоўнай Рады Ўкраіны Дзьмітро Лубінец: «Паводле папярэдніх зьвестак, акупанты пазбавілі жыцьця цэлую сямʼю Капканец, якая сьвяткавала дзень народзінаў і адмовілася аддаваць уласнае жытло чачэнскім акупантам».