Расейскі тэлеканал «Россия 24» паведаміў пра візыт у Менск «міністра замежных справаў» Абхазіі Інала Ардзінбы.
Расейскае прапагандысцкае мэдыя «Спутник Беларусь» са спасылкай на абхаскае інфармагенцтва «Апсныпресс» напісала, што дэлегацыя Абхазіі па даручэньні яе «прэзыдэнта» Аслана Бжанія прыбыла ў сталіцу Беларусі, дзе возьме ўдзел у міжведамасных кансультацыях.
У абхаскую дэлегацыю ўваходзяць кіраўнікі МЗС, МУС, Міністэрства аховы здароўя, МНС, Мінкультуры і іншыя чыноўнікі. Паведамляецца, што ўдзельнікі дэлегацыі ўжо сустрэліся ў Менску з кіраўніком апарату Савету міністраў Беларусі Канстанцінам Буракам.
Сёньня ж расейскае прапагандысцкае мэдыя «Спутник Абхазия» паведаміла, што «міністар замежных справаў» Абхазіі Інал Ардзінба сёньня ў Менску сустрэўся з амбасадарам Расеі ў Беларусі Барысам Грызловым.
Нядаўна, нагадвае «Спутнік Беларусь», Бжанія заявіў, што пакуль рана гаварыць, што Беларусь гатовая прызнаць Абхазію, але вядзецца работа ў гэтым напрамку.
Аляксандар Лукашэнка ўпершыню наведаў самаабвешчаную Абхазію 28 верасьня 2022 году. У лютым сёлета Менск наведаў Аслан Бжанія, дзе сустрэўся з Лукашэнкам. Па выніках той сустрэчы Бжанія заявіў, што Абхазія і Беларусь будуць разьвіваць кантакты вайскоўцаў і спэцслужбаў.
У сьнежні 2023 году ў Менску пабывала дэлегацыя самаабвешчанага «ўраду ДНР».