Фінская паліцыя паведаміла, што асноўнай вэрсіяй пашкоджаньня газаправоду ў Балтыйскім моры разглядаюць дзеяньні карабля, які праходзіў у гэтым раёне. Са спасылкай на паліцыянтаў пра гэта інфармуе агенцтва Reuters.
Раней у кастрычніку стала вядома, што адбылося пашкоджаньне падводнага газаправоду Balticconnector і тэлекамунікацыйнага кабэлю ў Эстонію.
Імаверна, кабэль і газаправод пашкодзіў карабель, які цягнуў вялікі якар па марскім дне, заявіла фінская паліцыя. Сьледчыя адзначылі, што яны выцягнулі згублены караблём якар зь месца, дзе разарвала трубу.
Цяпер паліцыянты высьвятляюць, ці належыць ён кітайскаму судну, якое праходзіла ў гэтых водах у той час. Яны сказалі, што пакуль занадта рана гаварыць, было гэта выпадковасьцю або наўмысным дзеяньнем.
Раней паліцыя заявіла, што высьвятляе, ці было пашкоджаньне газаправоду Balticconnector і двух тэлекамунікацыйных кабэляў у Балтыйскім моры дывэрсіяй.
Газаправод Balticconnector злучае газавыя сеткі Фінляндыі і Эстоніі, дазваляючы, у прыватнасьці, Хэльсынкі выкарыстоўваць газасховішча ў Латвіі. Даўжыня трубаправоду, які праходзіць па дне Фінскага заліву ад эстонскага партовага гораду Палдзіскі да фінскага Інкоо, складае 77 км. Сама труба вырабленая з вугляродзістай сталі таўшчынёй 15,9 мм, звонку яна пакрытая поліэтыленам і бэтоннай абалонкай.
Пра пашкоджаньне газаправоду стала вядома 8 кастрычніка. Сеткавая кампанія па здабычы газу Gasgrid Finland і эстонскі апэратар газавых сетак Elering паведамілі пра незвычайнае падзеньне ціску ў трубаправодзе раніцай 8 кастрычніка. На наступны дзень Gasgrid Finland заявіла, што «ёсьць падставы падазраваць, што прычынай інцыдэнту зьяўляецца пашкоджаньне марскога газаправоду». На падставе гэтага вырашылі ізаляваць участак газаправоду. Пастаўкі газу па ім прыпыніліся.