Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гульня ў вялікую геапалітыку. Як Лукашэнка «ратаваў сьвет» і «адкрываў Афрыку»


Аляксандар Лукашэнка ў Зымбабвэ, архіўнае фота
Аляксандар Лукашэнка ў Зымбабвэ, архіўнае фота

24 кастрычніка Аляксандар Лукашэнка ў Палацы Незалежнасьці сустракаўся з актывістамі праўладных моладзевых арганізацый. Сустрэча працягвалася 2,5 гадзіны, закраналася шмат розных тэмаў. Варта спыніцца на двух сюжэтах, якія Лукашэнка паспрабаваў зьвязаць зь вялікай геапалітыкай.

Стала ўжо ўстойлівай традыцыяй, што Лукашэнка апошнім часам, пра што б ні ішла гаворка, увесь час зьвяртаецца да падзей 2020 году. Тыя дні, ночы, тыдні народнага пратэсту моцна заселі ў ягонай сьвядомасьці, і дасюль гэтая псыхалягічная стрэмка баліць, не дае супакоіцца. Такі посттраўматычны сындром.

Вось і цяпер ён узгадаў тыя дні: «Калі б тады завагаліся, усё — нас бы не было, тут бы ішла вайна. Таму што войскі NATO былі гатовыя ўжо ў Беларусь уступіць... Гэта прамое сутыкненьне з Расеяй. Гэта ядзерная вайна. Таму пройдзе час, вы яшчэ ацэніце тое, што мы зрабілі ў 2020 годзе».

Тут адбываецца спрытная падмена зьместу падзеяў. Лукашэнка катэгарычна адмаўляе, што гэта быў унутрыпалітычны канфлікт, зьвязаны зь ягоным нежаданьнем прызнаць волю народу, выказаную падчас выбараў, і саступіць уладу пераможцы.

Замест гэтага ён уплішчвае гэтыя падзеі ў вялікую геапалітыку. Маўляў, войскі NATO былі гатовыя ўступіць у Беларусь. Раней ён казаў, што Польшча зьбіралася захапіць Горадзенскую вобласьць, а Расея б гэтага не дапусьціла. Як вынік — сусьветная ядзерная вайна.

То бок атрымліваецца, што ў 2020 годзе Лукашэнка, гвалтам здушыўшы пратэст, ратаваў ня ўласную ўладу, а — сьвет ад ядзернай вайны. Такім чынам, ён — збавіцель чалавецтва ад ядзернага Армагедону. А сьвет дасюль не зразумеў, каму абавязаны сваім выратаваньнем.

Другі сюжэт зьвязаны з супрацоўніцтвам Беларусі з краінамі Афрыкі. І тут на парадку дня зьяўляецца вялікая геапалітыка. Аказваецца, толькі цяпер Беларусь і Афрыка адкрылі адна адну. Лукашэнка кажа: «Нас там чакаюць. Яны, вызваліўшыся ад каляніяльнага ярма, вельмі цяпер баяцца, каб іх зноў нехта не паглынуў. І яны — да нас... Мы ня як каляніялісты да вас прыйдзем. І вось яны цяпер партыямі прыяжджаюць да нас... І яны ў нас небясьпекі ніякай ня бачаць».

Зноў Беларусь і Лукашэнка, як яе кіраўнік, выступаюць абаронцамі, збавіцелямі Афрыкі ад каляніяльнага ярма. Тут гаворка ня столькі пра выгоды, колькі пра вялікую глябальную вызвольную місію.

Тут, праўда, можна заўважыць паўтарэньне расейскіх прапагандысцкіх наратываў. Масква цяпер спрабуе арганізаваць антызаходнюю кааліцыю з краін глябальнага Поўдня. І ідэалягемы пра каляніялізм павінны стварыць спрыяльную глебу для такога саюзу. Таму і тут Лукашэнка гуляе трохі не ў сваю гульню.

Але можна пагаварыць і пра выгоды. Паводле Лукашэнкі, у гэтым кірунку перад Беларусьсю адчыняюцца вялікія эканамічныя пэрспэктывы. Гаворачы пра афрыканскія краіны, ён запэўнівае: «Яны за ўсё гатовыя плаціць... Гэта багатыя краіны». У прыклад Лукашэнка прывёў супрацоўніцтва з Экватарыяльнай Гвінэяй. «Тут жыве ўсяго пара мільёнаў чалавек, але гэта вельмі багатая дзяржава».

Наконт багацьця гэтых краін ня будзем нічога камэнтаваць. Але ўзьнікае натуральнае пытаньне: калі супрацоўніцтва з краінамі Афрыкі такое выгоднае, беларусаў там даўно чакалі, то чаму ж усе 29 гадоў кіраваньня Лукашэнкі гэтага не заўважалі? Афрыканскі рынак за мінулы год (2022) склаў у беларускім экспарце ўсяго паўпрацэнта ($200 млн). З 55 краін Афрыкі Беларусь мае дыппрадстаўніцтвы толькі ў пяці краінах (ПАР, Эгіпет, Кенія, Нігерыя і Зымбабвэ). Таму ў рэальнасьці «адкрыцьцё» Афрыкі неяк зацягваецца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG