Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская ўпершыню прыбыла зь візытам у Малдову, перад гэтым яна наведала Аўстрыю, а яе дарадца Вячорка — Аўстралію


Нацыянальны сакратар рабочай партыі Аўстраліі Пол Эрыксан і дарадца Сьвятланы Ціханоўскай Франак Вячорка. Канбэра, 19 кастрычніка 2023
Нацыянальны сакратар рабочай партыі Аўстраліі Пол Эрыксан і дарадца Сьвятланы Ціханоўскай Франак Вячорка. Канбэра, 19 кастрычніка 2023

19 кастрычніка Сьвятлана Ціханоўская выступіла ва ўнівэрсытэце MCI (Цэнтар мэнэджмэнту ў Інсбруку). Тым часам яе галоўны дарадца Франак Вячорка ў Аўстраліі правёў сустрэчы з урадам, парлямэнтарамі, дыпкорпусам.

Пасьля наведваньня Аўстрыі на 20–21 кастрычніка ў графіку Сьвятланы Ціханоўскай візыт у Малдову.

«Я рада пачаць свой візыт у Малдову па запрашэньні прэзыдэнта Маі Санду. Я зь нецярплівасьцю чакаю магчымасьці абмеркаваць нашы агульныя эўрапейскія памкненьні», — напісала Ціханоўская ў сацсетках.

Апрача прэзыдэнткі Маі Санду, Ціханоўская таксама сустрэнецца са сьпікерам парлямэнту Малдовы Ігарам Гросу, парлямэнцкай групай «За дэмакратычную Беларусь», возьме ўдзел у Малдоўскім жаночым форуме.

Як паведаміла прасавая служба Ціханоўскай, у Канбэры дарадца Сьвятланы Ціханоўскай Франак Вячорка сустрэўся з намесьнікам міністра замежных справаў Аўстраліі, прадстаўнікамі Міністэрства ўнутраных справаў, з офісам прэм’ер-міністра, новапрызначаным паслом Аўстраліі ў Расеі (які па сумяшчальніцтве адказвае за Беларусь), амбасадарам у правах чалавека, лідэрамі кіроўнай Рабочай партыі Аўстраліі.

Таксама Вячорка правёў асобныя сустрэчы з кіраўніком дэлегацыі ЭЗ, амбасадарамі Нямеччыны, Францыі, Латвіі, Польшчы, сустрэўся зь беларускай дыяспарай і экспэртнай супольнасьцю.

Як піша прэсавая служба Офіса Сьвятлана Ціханоўскай, падчас сустрэч абмяркоўвалі падтрымку для былых палітвязьняў і іх рэабілітацыю, прыцягненьне рэжыму да адказнасьці праз Міжнародны крымінальны суд, санкцыі супраць лукашэнкаўскіх памагатых і алігархаў, прапагандыстаў і судзьдзяў. Вячорка заклікаў Аўстралію падняць пытаньне Беларусі ў рамках Вялікай дваццаткі (G20) і ASEAN. Таксама абмяркоўвалі магчымы візыт Сьвятланы Ціханоўскай у Аўстралію ў 2024 годзе.

Вячорка заклікаў новапрызначанага амбасадара ў Расею і Беларусь не ўручаць даверчыя лісты Лукашэнку.

На сустрэчы зь Міністэрствам унутраных справаў гаварылі аб праблемах легалізацыі беларусаў у Аўстраліі, выдачы часовых праязных дакумэнтаў, а таксама аб прызнаньні новага беларускага пашпарта.

Раней Аўстралія ўвяла пэрсанальныя санкцыі супраць Аляксандра Лукашэнкі, ягоных дзяцей і блізкіх памагатых, міністра абароны Хрэніна. Аўстралія падтрымала рашэньне аб прымяненьні 33-га артыкулу Статуту Міжнароднай арганізацыі працы супраць рэжыму Лукашэнкі за парушэньне правоў працоўных. Аўстралія не прызнала вынікаў выбараў 2020 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG