Ізраіль працягвае апэрацыю «Жалезныя мячы» ў адказ на напад 7 кастрычніка груповак ХАМАС і «Ісламскі джыгад», прызнаных тэрарыстычнымі многімі краінамі сьвету.
Ахвярамі джыгадыстаў у Ізраілі сталі больш за 1400 чалавек. Колькасьць загінулых у сэктары Газа, паводле зьвестак палестынскага боку, набліжаецца да трох тысяч.
У Ерусаліме цяпер знаходзіцца дзяржсакратар Энтані Блінкен. Ён сустрэўся з прэм’ер-міністрам Ізраілю Біньямінам Нэтаньягу і прэзыдэнтам Іцхакам Герцагам. Кіраўнік Дзярждэпартамэнту заявіў аб падтрымцы ізраільскай наземнай апэрацыі, якая рыхтуецца ў сэктары Газа. Па словах Блінкена, Вашынгтон гатовы даць ізраільскаму ўраду ўсё неабходнае для абароны грамадзян.
Газэта The Wall Street Journal са спасылкай на крыніцу ў Пэнтагоне піша, што амэрыканцы адабралі каля 2000 вайскоўцаў для падрыхтоўкі да патэнцыйнага разгортваньня ў падтрымку Ізраілю. Ім даручаны такія задачы, як кансультаваньне і мэдычная падтрымка. Яны не прызначаны для ўдзелу ў баявых дзеяньнях.