Сярод затрыманых па справе аб нападзе на школу ў Францыі — двое беларусаў, паведамляюць францускае агенцтва AFP і выданьне Le Parisien са спасылкай на крыніцы ў паліцыі.
Агулам пад вартай апынуліся 10 чалавек. Акрамя нападніка, сярод затрыманых таксама ягоная сястра, маці, дзядзька і двое братоў.
«Сярод затрыманых таксама знаходзяцца двое беларусаў, „зь якімі нападнік знаходзіўся падчас праверкі напярэдадні інцыдэнту“, паведаміла іншая крыніца ў паліцыі, але пакуль „няма ніякіх падставаў казаць аб тым, што яны былі датычныя“ да інцыдэнту», — піша Le Parisien.
- 13 кастрычніка ў ліцэі Гамбеты ў паўночна-ўсходнім горадзе Арас, дзе пражывае вялікая колькасць габрэяў і мусульман, у выніку нападу нажом быў забіты настаўнік, яшчэ тры чалавекі атрымалі сур’ёзныя раненьні.
- Меркаваны нападнік — 20-гадовы Магамед Магушкоў, былы вучань ліцэя, быў арыштаваны. Паводле відавочцаў, падчас нападу Магушкоў выкрыкваў арабскую фразу «Алах Акбар!». Крыніца ў паліцыі Магушкоў нарадзіўся ў Расеі, мае чачэнскае паходжаньне. У Францыі ён быў унесены ў сьпіс паліцыі як радыкальны ісламіст, сьцьвярджаюць крыніцы выданьня.
- Улады Францыі выказалі здагадку пра магчымую сувязь з працягам гвалту на Блізкім Усходзе, паколькі прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон назваў гэты інцыдэнт актам «ісламісцкага тэрору».
- Пасьля нападу радыкальнай палестынскай групоўкі ХАМАС на Ізраіль францускія ўлады ўзмацнілі меры бясьпекі на 500 рэжымных аб’ектах, у габрэйскіх школах і сынагогах. Яны таксама забаранілі праводзіць акцыі ў падтрымку Палестыны.
- Раней ХАМАС, які ўключаны ў сьпіс тэрарыстычных арганізацый ЗША і ЭЗ, заклікаў сваіх прыхільнікаў па ўсім сьвеце зладзіць 13 кастрычніка «дзень гневу».