Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Будаўнікі назвалі тэрмін завяршэньня Sagrada Família, няскончанага шэдэўру Барсэлёны. ФОТА


Будаўніцтва сабору Sagrada Familia ідзе з 1882 году. Ілюстрацыйнае фота
Будаўніцтва сабору Sagrada Familia ідзе з 1882 году. Ілюстрацыйнае фота

Праз 140 гадоў нерэалізаваны шэдэўр Антоні Гаўдзі нарэшце набліжаецца да завяршэньня.

Але перашкоды ўсё яшчэ застаюцца і будаўніцтва працягнецца прынамсі да 2026 года, паведамляе газэта New York Times.


«Больш як праз 140 гадоў пасьля таго, як гішпанскі біскуп заклаў кутны камень базылікі Sagrada Família ў Барсэлоне, будаўніцтва славутага ва ўсім сьвеце недабудаванага храма набліжаецца да фінішу. Пяць з шасьці яго цэнтральных вежаў на мінулым тыдні нарэшце цалкам дабудавалі. Але з улікам таго, што будаўніцтва, як чакаецца, працягнецца, патэнцыйным паломнікам да гэтага месца — аднаго з самых знакавых помнікаў Барсэлёны — ня варта чакаць, што дзёрзкі шэдэўр Антоні Гаўдзі будзе цалкам рэалізаваны раней, чым у 2026 годзе», — піша NYT.


Фонд Junta Constructora del Temple Expiatori de la Sagrada Família, які зьяўляецца куратарам будаўніцтва касьцёла, заявіў, што работы былі завершаныя на дзьвюх галоўных вежах. Разам зь дзьвюма іншымі, скончанымі летась, чатыры вежы сымбалізуюць эвангелістаў Мацьвея, Марка, Луку і Яна, якія лічацца аўтарамі кананічных Эвангельляў, што апавядаюць пра жыцьцё Ісуса.

У саборы
У саборы


«Чатыры вежы эвангелістаў скончаныя!» — напісаў фонд касьцёла на плятформе X, раней вядомай як Twitter, у мінулую пятніцу. Касьцёл Sagrada Família, які ўключае ў сябе элемэнты гатычнага адраджэньня, мадэрну і мадэрнізму, прыцягвае мільёны турыстаў у год і зьяўляецца часткай сусьветнай спадчыны UNESCO, якая ўключае сем будынкаў Гаўдзі ў Барсэлёне.


Чатыры завершаныя вежы ўвянчалі скульптуры крылатых фігур, зьвязаных з эвангелістамі: быка, арла, чалавека і льва, паведамілі ў фундацыі сабора. Канструкцыі стаяць на вышыні каля 135 мэтраў, што зробіць іх трэцімі па вышыні вежамі царквы, калі яна будзе скончаная. Усяго ў храме павінна быць пабудавана 18 вежаў. Цэнтральныя пяць — гэта якраз вежы ў гонар чатырох эвангелістаў, якія нядаўна закончылі, і вежа ў гонар Ісуса.

Асьвячэньне сабору Папам Рымскім Бэнэдыктам XVI, 2010
Асьвячэньне сабору Папам Рымскім Бэнэдыктам XVI, 2010


Антоні Гаўдзі, бліскучы і самабытны каталёнскі архітэктар, большую частку другой паловы свайго жыцьця прысьвяціў праектаваньню і будаўніцтву сабора. Кутні камень быў закладзены ў 1882 годзе, і Гаўдзі інтэнсіўна працаваў над праектам, пакуль не загінуў пасьля таго, як яго зьбіў трамвай ва ўзросьце 73 гадоў, пакінуўшы сваю вялікую працу незавершанай.

Некалькі пакаленьняў каталёнцаў жылі і паміралі побач зь вялізным саборам, які ўсё яшчэ будуецца. Яго высокія, часткова завершаныя шпілі час ад часу спавівалі рыштаваньні або атачалі краны. У лістападзе 2010 года Папа Рымскі Бэнэдыкт XVI асьвяціў касьцёл у базыліку і правёў там Імшу перад 7000 чалавек.


Фонд Sagrada Familia заявіў, што ўсё яшчэ спадзяецца, што самая высокая і цэнтральная вежа, якая ўвасабляе Ісуса, будзе скончана да 2026 года, да стагодзьдзя сьмерці Антоні Гаўдзі.


Пасьля сьмерці Гаўдзі будаўніцтва будынка запаволілася з прычыны затрымак і жорсткіх спрэчак на працягу дзесяцігодзьдзяў. Крытыкі сьцьвярджалі, што наступныя архітэктары не змаглі прытрымлівацца першапачатковага бачаньня Гаўдзі (некаторыя зь ягоных плянаў былі зьнішчаныя даўно), або сьцьвярджалі, што недабудаваны характар храма стаў часткай яго прывабнасьці.

Сабор Sagrada Família ў Барсэлоне, чэрвень 2023
Сабор Sagrada Família ў Барсэлоне, чэрвень 2023

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG