Сама меней 21 чалавек загінуў, яшчэ 15 атрымалі раненьні ў выніку аварыі пасажырскага аўтобуса ў Вэнэцыі, паведамляе агенцтва ANSA.
ДТЗ адбылося ўвечары 3 кастрычніка ў Мэстры, мацерыковым квартале Вэнэцыі. Аўтобус з турыстамі прабіў агароджу і ўпаў з 10-метровай вышыні на чыгуначныя каляіны, закрануўшы лінію электраперадачы.
Па дадзеных ANSA, аўтобус працаваў на мэтане, таму пасьля ўдару імгненна загарэўся.
На месцы здарэньня працуюць ратавальнікі. Мэр Венэцыі Луіджы Бруньяра заявіў, што адбылася «велізарная трагедыя».
«Дзевятнаццаць загінулі тут, двое памерлі ў бальніцы, так што ўсяго цяпер 21. Некаторыя [з пацярпелых] у парадку, але некаторыя — у крытычным стане ў Падуі, некаторыя абпаленыя», — цытуе мэра агенцтва Reuters.
Па словах мэра Вэнэцыі, сярод загінулых чатыры дзіцяці.
Губэрнатар рэгіёну Вэнэцыя Лука Дзая расказаў журналістамі, што, паводле папярэдніх зьвестак, сярод загінулых і параненых ёсьць грамадзяне Італіі і іншаземцы.
Расейская служба BBC са спасылкай на свайго карэспандэнта ў Рыме перадае, што сярод пасажыраў аўтобуса былі немцы і ўкраінцы.
Па дадзеных кіраўніка мясцовай пажарнай службы, украінцы былі сярод загінулых у аварыі.