Праваабаронцам стала вядома, што Аляксея Ільінчыка зьмясьцілі ў нэўралягічнае аддзяленьне рэспубліканскага шпіталя, якое знаходзіцца на тэрыторыі СІЗА № 1 Менску.
Аляксей — вядомы гомельскі бард і арганізатар канцэртаў бардаўскай песьні. Вясной 2022 году ён паехаў з гастролямі ў Расею. Там у яго нечакана здарыўся інсульт. Некалькі месяцаў ён лячыўся ў шпіталі, аднак стан яго заставаўся кепскім і правая частка цела была паралізаваная.
У чэрвені 2022 году Аляксей Ільінчык вярнуўся ў Гомель, а 18 жніўня яго затрымалі за камэнтары ў сацыяльных сетках. Не зважаючы на кепскі стан здароўя, яго зьмясьцілі ў СІЗА-3 Гомля, абвінаваціўшы паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: распальваньне сацыяльнай варожасьці, паклёп і абраза Лукашэнкі.
28 сакавіка 2023 году судзьдзя Гомельскага абласнога суду Аляксей Хлышчанкоў прысудзіў Ільінчыку 2,5 года пазбаўленьня волі ў калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Яго этапавалі ў калёнію ў Навасады Барысаўскага раёну Менскай вобласьці.
За час знаходжаньня ў СІЗА-3 і ў папраўчай калёніі здароўе Аляксея пагоршылася. Правая рука ў яго амаль ня дзейнічае, парушаны маўленчы апарат, таму гаворыць ён зь цяжкасьцю. Пісаць самастойна лісты ён таксама ня можа. Да таго ж лісты яму перадаюць няспраўна, нават ад сваякоў, пішуць праваабаронцы.