Цэльлю выбуху ў раёне Мастунг, прыкладна за 60 кілямэтраў ад сталіцы правінцыі Квэта, была працэсія, прысьвечаная сьвяткаваньню дня нараджэньня прарока Мухамада, паведаміў Радыё Свабода Ян Мухамад Ачакзай, міністар інфармацыі ў часовым урадзе Белуджыстану.
Рашыд Махамад Шахі, кіраўнік дэпартамэнту аховы здароўя Мастунгу, паведаміў Радыё Свабода, што ад інцыдэнту пацярпелі 55 чалавек.
Каля 500 чалавек сабраліся ў Мастунгу на сьвята Маўлід ан-Набі. У гэтае сьвята мусульмане звычайна зьбіраюцца і раздаюць ежу бедным.
Ніводная групоўка пакуль не ўзяла на сябе адказнасьць за выбух. Улады абвясьцілі ў бальніцах Квэты надзвычайнае становішча.
Белуджыстан, найбуйнейшая правінцыя Пакістана, якая мяжуе з Афганістанам і Іранам, часта робіцца мішэньню для нападаў ісламісцкіх баевікоў, сэктанцкіх груповак і нацыяналістычных сэпаратыстаў.
Самая вядомая ваяўнічая групоўка ў рэгіёне, забароненая Армія вызваленьня Белуджыстану, рэгулярна бярэ на сябе адказнасьць за напады на пакістанскія сілы бясьпекі.
У іншым інцыдэнце прынамсі два чалавекі загінулі і яшчэ пяцёра былі параненыя ад выбуху ў мячэці ў горадзе Пешавар на паўночным захадзе краіны. Пешавар — сталіца правінцыі Хайбэр-Пахтунхва, якая мяжуе з Афганістанам.